Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Зала Друку пра расследаванне справы Эмануэлы Арландзі

Уся адпаведная дакументацыя па справе Эмануэлы Арландзі перададзена ў пракуратуру Рыма, - гаворыцца ў паведамленні прамотара справядлівасці Дзяржавы Ватыкан, якое распаўсюдзіла 21 чэрвеня 2023 года Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Прамотар справядлівасці Дзяржавы Ватыкан Алесандра Дзідзі, які вядзе расследаванне знікнення дачкі ватыканскага супрацоўніка, у адказ на пытанні журналістаў, заявіў, што ў апошнія месяцы офіс, які ён узначальвае, сабраў усе доказы, якія захоўваліся ў структурах Ватыкана і Святога Пасада, у тым ліку сведчанні людзей, якія ў той час займалі адказныя пасады. Офіс прамотара справядлівасці прыступіў да разгляду матэрыялу, пацвердзіўшы існаванне некаторых кірункаў, вартых далейшага расследавання. Цягам апошніх тыдняў уся адпаведная дакументацыя была перададзена ў пракуратуру Рыма для азнаямлення і працягу справы ў найбольш прыдатным кірунку.

“У бліжэйшыя месяцы прамотар справядлівасці працягне сваю дзейнасць па гэтай справе. Ён выказвае сваю блізкасць да сям'і Эмануэлы і ўсведамляе, якія пакуты і боль выклікае знікненне роднага чалавека”, - гаворыцца ў паведамленні Залы Друку.

Сорак гадоў таму, 22 чэрвеня 1983 года, Эмануэла Арландзі, дачка супрацоўніка Прэфектуры Папскага дому, знікла без вестак ва ўзросце 15 гадоў. Яе цела да гэтага часу не знойдзена.

22 чэрвеня 2023, 10:32