Пошук

Біскупы ў Зале Паўла VI Біскупы ў Зале Паўла VI  (ANSA)

Змена традыцыйнага месца правядзення Сінодаў

На сёлетні Сінод Біскупаў па сінадальнасці прыедзе 370 асоб, не лічачы экспертаў. Новая Сінадальная зала, традыцыйнае месца правядзення Сінодаў, не можа прыняць такую колькасць людзей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Менавіта па гэтай прычыне сесіі пройдуць у самай вялікай у Ватыкане Зале Паўла VI, - было абвешчана падчас прэзентацыі працоўнага дакумента восеньскай асамблеі.

На папярэдні Сінод у 2018 годзе сабраліся 267 удзельнікаў. Сёлета толькі біскупаў будзе на 20 больш, іх колькасць у Касцёле за апошнія пяць гадоў павялічылася. Сапраўдная ж навінка – дэлегаты, якія не з’яўляюцца біскупамі. І гэта стала галоўнай прычынай значнага павелічэння колькасці ўдзельнікаў.

У ватыканскім комплексе імя Паўла VI пройдуць не толькі пленарныя пасяджэнні, але і сустрэчы ў рабочых групах. На думку арганізатараў, яны павінны паспрыяць размове ў Духу Святым – новаму метаду разважанняў. Як адзначыў ксёндз Джакама Коста, такі падыход можна ахарактарызаваць як “супольную малітву ў перспектыве агульнага распазнавання, да якой удзельнікі рыхтуюцца праз разважанне і асабістую медытацыю”.

“Досвед паказвае, што такі спосаб працы і малітвы адкрывае прасторы, дзе нават спрэчныя пытанні можна вырашаць разам і па-евангельскі. (…) Дынаміка размовы ў Духу Святым уключае тры асноўныя этапы, якія варта прайсці ў розных сітуацыях. Першы – каб кожны казаў, зыходзячы з уласнага досведу, прачытанага ў малітве падчас падрыхтоўкі. Другі этап прызначаны для збліжэння: кожны чалавек прамаўляе, каб выказаць тое, што яго найбольш закранула падчас слухання, калі ён пачуў голас Духа Святога, Які адгукнуўся. (...) Нарэшце, на трэцім этапе, зноў жа пад кіраўніцтвам Духа Святога, высвятляюцца ключавыя моманты, якія вынікаюць з размовы, і збіраюцца плёны сумеснай працы, каб перайсці да дзеяння”, - адзначыў кансультант генеральнага сакратарыята Сінода Біскупаў.

Езуіт прызнаўся, што “мэта складаецца ў тым, каб дасягнуць інклюзіўнага кансэнсусу, у якім кожны чалавек можа адчуваць свой удзел, не грэбуючы прамежнымі пунктамі гледжання або пунктамі, дзе ўзнікаюць разыходжанні ў меркаваннях, якія трэба не ліквідаваць, але распазнаць”. “Наша мэта – знайсці канкрэтныя прапановы, каб развівацца як Касцёл сінадальны”, - патлумачыў ксёндз Коста.
 

22 чэрвеня 2023, 10:18