Пошук

Кардынал П’етра Паралін Кардынал П’етра Паралін 

Дзяржсакратар пра важнасць мірнай місіі кардынала Дзупі

“Місія кардынала Дзупі ў Кіеве і Маскве была вельмі важнай. Яна засяродзілася перш за ўсё на гуманітарным баку: абмене палоннымі і рэпатрыяцыі дзяцей, а гэта патрабавала перамоў з Масквой”, - заявіў кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

6 ліпеня 2023 года ў інтэрв’ю службе навін італьянскага RAI Дзяржсакратар Яго Святасці звярнуў увагу на тое, што “цяпер трэба будзе знайсці механізмы рэалізацыі, прымянення зробленых высноў, магчыма, з дапамогай якой-небудзь міжнароднай арганізацыі, якая дазволіць гэтыя вынікі рэалізаваць”.

“Калі гэта спрацуе, а мы шчыра спадзяемся, што так і будзе, мы можам стаць сведкамі рэпатрыяцыі дзяцей. Не ведаю, у якой колькасці, у якіх памерах. Для нас гэта важна, таму што такія гуманітарныя жэсты могуць стаць дарогамі і шляхамі да міру”, - заявіў іерарх.

Дзяржсакратар заўважыў, што місія ў Маскву з'яўляецца часткай глабальнай ініцыятывы, прапанаванай Папам Францішкам. Мір ва Украіне павінен быць справядлівым, падкрэсліў ён, патлумачыўшы, што гэта азначае прызнанне ўзаемных правоў, але і ўзаемных абавязкаў, улічваючы, перш за ўсё, годнасць людзей.

Адказваючы на ​​пытанне аб пагрозе падзелу свету на ваяўнічыя блокі, кардынал Паралін заявіў, што “ад халоднай вайны мы перайшлі да фрагментарнай Трэцяй сусветнай, як часта кажа Папа Францішак”. “Я лічу, што мы катэгарычна не можам прыняць гэту тэндэнцыю. Мы павінны аднавіць дух, які ажыўляў міжнародную супольнасць адразу пасля Другой сусветнай вайны”, - падкрэсліў ён.

На думку кіраўніка дыпламатыі Святога Пасада, існуе неабходнасць у рэфармаванні Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, каб у ёй не дамінавалі канкрэтныя карыслівыя інтарэсы або ідэалогіі. Патрэбна ААН, “у якой паважаецца годнасць кожнай дзяржавы без дамінавання мацнейшых дзяржаў”.

Паралін таксама выказаўся за дэмантаж ядзерных арсеналаў. Гаворачы аб сітуацыі на Блізкім Усходзе, ён заклікаў адмовіцца ад насілля. “Канчатковым рашэннем, гарызонтам для руху з’яўляецца прызнанне дзвюх дзяржаў”, - адзначыў Дзяржсакратар, маючы на ​​ўвазе эскалацыю насілля на Блізкім Усходзе і новую напружанасць пасля ваеннага ўмяшання Ізраіля ў Джэніне.

Гаворачы аб праблеме міграцыйнага крызісу, ён адзначыў, што спосабам яе вырашэння з'яўляюцца салідарнасць і агульны падыход. “Лічу, што рознагалоссі не служаць справе і павялічваюць цяжкасці ў кіраванні гэтай з'явай гуманным і спарадкаваным чынам”, - сказаўкардынал П’етра Паралін у інтэрв’ю італьянскаму грамадскаму тэлебачанню.

07 ліпеня 2023, 11:34