Пошук

Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін  (ANSA)

Дзяржсакратар: берагчы дзяцей ад усялякага насілля

Ратаваць непаўналетніх ад трагедый, звязаных з вайной і міграцыяй, заклікаў Дзяржаўны сакратар Яго Святасці падчас наведвання санктуарыя святой Марыі Гарэці ў італьянскім горадзе Нетуна.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Літургічны ўспамін маленькай пакутніцы, які адзначаецца 6 ліпеня, паслужыў кардыналу П'етра Параліну падставай для таго, каб нагадаць пра неабходнасць захоўваць дзяцей ад усіх формаў гвалту. Адказваючы на пытанні журналістаў тэлеканала 81 Lazio, іерарх заўважыў, што “гісторыя святой Марыі Гарэці з'яўляецца моцным заклікам да таго, каб берагчы дзяцей ад усіх відаў гвалту, ад любога злоўжывання, каб забяспечыць ім нармальнае жыццё і развіццё". "Гэтая ўрачыстасць сапраўды з'яўляецца запрашэннем рабіць больш у гэтым кірунку. Не ў апошнюю чаргу таму, што сённяшнія дзеці – гэта заўтрашняя будучыня, таму важна, каб яны раслі ў здаровым асяроддзі, якое б спрыяла развіццю асобы ва ўсіх сэнсах”, - адзначыў ён.

Трагічнае становішча ўкраінскіх дзяцей

Кардынал Паралін нагадаў пра трагічную сітуацыю ўкраінскіх дзяцей, якія ўжо больш за шаснаццаць месяцаў пакутуюць ад наступстваў расійскай агрэсіі. "Яны перажываюць сапраўды трагічную сітуацыю", - падкрэсліў ён. Што тычыцца дэпартацыі каля 19 тысяч непаўналетніх украінцаў у Расію, "Святы Пасад вельмі актыўна ўдзельнічае ў гэтым пытанні, каб забяспечыць вяртанне дзяцей у сем'і, да бацькоў, на зямлю, адкуль яны родам", - запэўніў іерарх. Менавіта з такой просьбай аб дапамозе звярнуўся да Папы прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас аўдыенцыі ў маі 2023 года.

Місія кардынала Матэа Дзупі ў Маскву таксама надала шмат увагі гэтаму пытанню, “былі дасягнуты некаторыя станоўчыя моманты”, - заўважыў кардынал Паралін. “З расійскага боку выявілася пэўная адкрытасць, пэўная ўвага. Мы спадзяемся, што будуць створаны механізмы, якія дазволяць рэалізаваць, выкарыстаць, прасунуць гэты шлях наперад", - адзначыў Дзяржсакратар.

Агульная праблема міграцыі

Занепакоенасць кардынала Параліна выклікае таксама становішча дзяцей, уцягнутых у міграцыйныя працэсы. "Яны з'яўляюцца першымі ахвярамі, якія больш за ўсіх пакутуюць ад гэтай велізарнай драмы”, - адзначыў ён, запрашаючы задумацца "пра ўсіх дзяцей, якія загінулі падчас пераправы праз Міжземнае мора”, у пошуку міру і годнага жыцця. Дзяржаўны сакратар заклікаў міжнародную супольнасць прыкласці ўсе намаганні дзеля таго, каб разам узяцца за рашэнне гэтай агульнай праблемы. “Таму што, калі разглядаць яе як агульную праблему, у нас будзе больш шанцаў знайсці добрыя і эфектыўныя рашэнні”, - лічыць кардынал Паралін.

11 ліпеня 2023, 11:01