Пошук

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці  

Гуджэроці пра місію ва Украіне і свой нядаўні візіт у Беларусь

Новапрызначаны кардынал Клаўдыё Гуджэроці падзяліўся сваімі разважаннямі пра міратворчую місію ва Украіне, а таксама ўражаннямі ад урачыстасці з нагоды 25-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У інтэрв’ю Vatican News Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў пракаментаваў дыпламатычныя намаганні Святога Пасада на карысць міра ва Украіне. Ён адзначыў, што не ведае падрабязнасцяў місіі кардынала Дзупі, але ўпэўнены ў тым, што яго “майстэрства і ветлівасць крануць сэрцы”.

Узгадваючы свой досвед у Беларусі, Украіне і Грузіі, дзе ён быў нунцыем, Гуджэроці папярэдзіў пра складаныя гістарычныя прычыны, якія стаяць за падзеямі ў гэтых рэгіёнах. На яго думку, людзі на захадзе ў сваіх “спрошчаных” каментарах гэтых падзей часта абмяжоўваюцца сённяшнім днём. “На ўсходзе ж, калі вы жадаеце зразумець сёння, вы павінны зразумець учора”, - лічыць іерарх. На яго думку, на Захадзе не адбылося ўсведамлення, глыбокага асэнсавання падзення Савецкага Саюза, новых шляхоў, якія адкрыліся пасля яго распада, але таксама і трагедый савецкага народа.

Падзенне Берлінскай сцяны выклікала вялікі энтузіязм у сувязі са здабытай свабодай, але пры гэтым не ўлічвалася, што людзі страцілі ўсе грошы і былі вымушаныя гадзінамі стаяць у чарзе, каб атрымаць кавалак хлеба. Гэта вельмі складаныя сітуацыя агаліла нервы савецкіх людзей і прывяла да адраджэння нацыяналізму, канфрантацыі, эканамічных цяжкасцей, феномену алігархаў, - падзчліўся сваім поглядам на падзеі іерарх. “Таму ў сваёй місіі кардынал Дзупі сутыкаецца не з сваімі асабістымі цяжкасцямі ў вырашэнні праблем, а са складанасцю саміх праблем”, - патлумачыў ён.

Новапрызначаны кардынал падкрэсліў, што тым не менш, Францішак “заўсёды шукае і жадае міру за межамі любой рацыянальнай магчымасці, і што гэта адбываецца дзякуючы яго глыбокай веры, якая па-за межамі розуму”. Ён нагадаў, што ў яго бытнасць нунцыем ва Украіне, Святы Айцец накіраваў гуманітарную дапамогу ў памеры 16 мільёнаў еўра перамешчаным асобам на Данбасе, якой скарысталіся 800 тысяч чалавек. Гэта традыцыя ўзыходзіць да часоў стварэння Савецкага Саюза, куды Папа дасылаў цэлыя гуманітарныя канвоі. Палітыка Святога Пасада заўсёды была і застаецца палітыкай надзеі, - лічыць арцыбіскуп Гуджэроці, дадаючы, што папская дыпламатыя – гэта не дыпламатыя разлікаў, а дыпламатыя магчымых для рэалізацыі мар.

Свой нядаўні візіт у Беларусь у якасці спецыяльнага пасланніка Францішка на святкаванне 25-й гадавіны каранацыі цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай іерарх пракаментаваў так: “Цудоўнае свята народа, які пакутуе ў цішыні і які знайшоў у веры такую відавочную, на мой погляд, моц сведчання”. Па яго словах, гэтая сціплая выява Маці Божай з'яўляецца для беларусаў “знакам ідэнтычнасці і надзеі”. Ён быў асабліва ўражаны тым, што ў рэгіёне, дзе суседнія народы змагаюцца адзін з адным, некалькі тысяч чалавек ішлі пешшу па лясах, сярод азёр, па складаных дарогах, маліліся на каленях і праяўлялі салідарнасць адно з адным. Блізкасць Папы дазваляе ім адчуць, што пра іх не забыліся, - зазначыў арцыбіскуп Гуджэроці.

Каментуючы сваё кардынальскае прызначэнне, іерарх заўважыў, што ўспрымае яго перш за ўсё як адказнасць, якую лічыць асабліва значнай, але і цяжкай, таму што пурпур – гэта сімвал не славы, а крыві. Ад кардынала патрабуецца гатоўнасць быць верным Касцёлу і Святому Айцу, і нават аддаць за іх сваё жыццё, калі гэта неабходна, - заўважыў Клаўдыё Гуджэроці.

12 ліпеня 2023, 11:15