Кардынал Дзупі ў бліжэйшыя дні наведае Вашынгтон
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы, кардынал Матэа Дзупі, арцыбіскуп Балоньі і Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі, наведае 17-19 ліпеня 2023 года Вашынгтон у якасці пасланніка Папы Францішка. Яго будзе суправаджаць супрацоўнік Дзяржаўнага сакратарыята.
Візіт адбудзецца ў кантэксце місіі па спрыянню міру ва Украіне. Ён будзе накіраваны на “абмен ідэямі і меркаваннямі аб трагічнай сітуацыі, якая склалася на сённяшні дзень, і падтрымку гуманітарных ініцыятыў па палягчэнні пакут найбольш пацярпелых і ўразлівых людзей, асабліва дзяцей”, - гаворыцца ў паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы.
Нагадаем, што 5-6 чэрвеня 2023 года кардынал Дзупі пабываў з міратворчай місіяй у сталіцы Украіны, а 28-29 чэрвеня наведаў Маскву. Францішак даручыў іерарху місію, асноўная мэта якой заключаецца ў тым, каб “заахвочваць жэсты чалавечнасці, якія могуць спрыяць вырашэнню цяперашняй трагічнай сітуацыі і пошуку шляхоў дасягнення справядлівага міру”.