Кардынал пра чацвёртую, пяцідзясятніцкую, форму быцця Касцёлам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Быць разам у дарозе, разам маліцца і разам працаваць” – такая формула Францішка, - адзначыў кардынал Курт Кох. Асабліва важным элементам для яго з’яўляецца экуменізм мучанікаў: “Хрысціяне сёння падвяргаюцца пераследу не таму, што яны праваслаўныя, лютэране ці католікі, а таму, што яны хрысціяне”, менавіта таму кроў, пралітая імі, аб’ядноўвае.
Падчас размовы з журналістамі ў Рыме іерарх распавёў таксама аб працы свайго ведамства і выкліках для экуменізму на Усходзе і Захадзе. У апошнія дзесяцігоддзі стала відавочным, што мара аб вельмі хуткім адзінстве Касцёла на паўсюдным узроўні, якая існавала на пачатку экуменічнага руху, не здзейснілася.
“Мы былі падзеленыя з Цэрквамі Рэфармацыі 500 гадоў, з усходнімі Цэрквамі – 1500 гадоў, і аднавіць раўнавагу за такі кароткі час было, магчыма, занадта вялікай ілюзіяй”, - сказаў кардынал. Тым не менш нельга адмаўляцца ад мэты еднасці, “трэба хутчэй спрабаваць знайсці кансэнсус адносна гэтай мэты і шляхі яе дасягнення”.
Цяпер “з вялікім болем” мы бачым, як вайна ва Украіне падзяляе Праваслаўную Царкву, - прызнаўся Кох. Гэта таксама цяжкасць для экуменізму, бо “мы імкнёмся вярнуць адзінства з Праваслаўнай Царквой, якая сама перажывае моцныя напружанне і падзелы”.
У гэтай сітуацыі Каталіцкі Касцёл павінен быць вельмі асцярожным. “Мы не можам ўмешвацца ў гэты падзел, таму мы павінны быць нейкім чынам нейтральнымі. Але нейтралітэт не азначае абыякавасці, ён азначае імкненне рабіць усё, што ў нашых сілах, каб яны маглі зноў знайсці свой шлях”, - патлумачыў швейцарскі іерарх.
У заходнім экуменізме – вобласці, дзе Каталіцкі Касцёл вядзе каля дванаццаці розных дыялогаў з усімі Цэрквамі і касцёльнымі супольнасцямі, якія выраслі з Рэфармацыі – ужо існуе кансэнсус па многіх пытаннях, але не адносна сапраўднай мэты экуменізму, - патлумачыў кардынал Кох. Кожная супольнасць мае сваё бачанне адносна таго, што такое Касцёл і адзінства ў ім, і спрабуе дасягнуць сваёй мэты.
Другі галоўны выклік для заходняга экуменізму, на думку кардынала Коха – новы феномен падзелаў у галінах этыкі. “Важна прыйсці да згоды па гэтым пытанні, таму што калі хрысціянскія Цэрквы ў Еўропе не змогуць годна гаварыць у адзін голас па фундаментальных пытаннях чалавечага жыцця і сацыяльнага суіснавання, хрысціянскі голас будзе станавіцца ўсё больш і больш слабым у секулярызаваных грамадствах Еўропы, і гэта, безумоўна, не дапамагае экуменізму”, - адзначыў прэфект дыкастэрыі.
У якасці трэцяга выкліку кардынал Кох назваў хуткі рост евангельскага, пяцідзясятніцкага рухаў. У сувязі з гэтым варта казаць пра “пяцідзясятніцкі характар экуменічнай сітуацыі” або пра чацвёртую форму быцця Касцёлам – пяцідзясятніцкую, разам з праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанцкай.
“Мы вядзём дыялог з усімі, але, вядома, толькі з тымі, хто гэтага хоча”, - сказаў іерарх аб пяцідзясятніках. Многія з іх займаюцца празелітызмам, жадаючы прыцягнуць вернікаў з іншых Цэркваў – каталіцкіх супольнасцей, але таксама гістарычна пратэстанцкіх.
Станоўчае тут тое, што Папа Францішак добра ведае пяцідзясятніцкія рухі і заўсёды запрашае іх прадстаўнікоў на вельмі асабістыя сустрэчы без аніякай агалоскі. “Гэта адчыняе дзверы для далейшага дыялогу”, - растлумачыў кардынал Кох.