Пошук

2021.02.01 Progetto dicasteri: Dottrina della fede

Новы прэфект: дактрына не мяняецца, мяняецца яе разуменне

На дадзены момант я павінен сказаць: не думаю, што ў гэтым нямецкім руху няма чагосьці добрага, - так пракаментаваў сітуацыю вакол ініцыятывы Сінадальны шлях у Германіі новы прэфект Дыкастэрыі веравучэння.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Віктар Мануэль Фернандэс прызнаўся, што, адказваючы за душпастырства, з энтузіязмам займаўся абвяшчэннем Евангелля, пропаведдзю, прывіццём духоўнасці і мала часу надаваў унутрыкасцёльным справам. 

“Цэлы год у мяне была штодзённая радыёперадача, прысвечаная выключна размовам пра Бога і Яго якасцях. Германія заўсёды прыцягвае ўвагу, і не ў маім арцыбіскупскім стылі займацца пытаннем пасвячэння жанчын і падобнымі рэчамі. Безумоўна, цяпер мне належыць актуалізаваць гэтае пытанне, выслухаць, выказацца, параіцца. На дадзены момант я павінен сказаць: не думаю, што ў гэтым нямецкім руху няма чагосьці добрага. (...) Гэта гістарычнае пытанне пакіне нам штосьці добрае, нават калі, магчыма, трэба будзе нешта адшліфаваць, удакладніць, дазволіць выспець”, - сказаў новы прэфект Дыкастэрыі веравучэння ў інтэрв’ю парталу InfoVaticana.

Адно з пытанняў тычылася благаслаўлення гомасексуальных пар, тым больш што ў 2021 годзе Дыкастэрыя заявіла аб недапушчальнасці гэтага. Арцыбіскуп Фернандэс падкрэсліў, што з’яўляецца моцным абаронцам святасці чалавечага жыцця і праціўнікам абортаў. Ён адзначыў, што тэрмін сужэнства, у строгім сэнсе гэтага слова, азначае толькі пастаянны саюз мужчыны і жанчыны, якія ў гэтай розніцы полу здольныя нарадзіць новае жыццё. 

Арцыбіскуп Віктар Мануэль Фернандэс
Арцыбіскуп Віктар Мануэль Фернандэс

"Няма нічога, што можна было б параўнаць з гэтым, і выкарыстанне такой назвы для выражэння чагосьці іншага не з'яўляецца ні добрым, ні правільным. Я лічу важным пазбягаць жэстаў або дзеянняў, якія могуць выказваць нешта іншае. Такім чынам, я лічу, што трэба быць вельмі ўважлівымі і пазбягаць сакрамэнтаў або благаслаўленняў, якія могуць выклікаць блытаніну. Аднак, калі благаслаўленне даецца такім чынам, каб не выклікаць блытаніны, яго варта вывучыць і пацвердзіць. Як бачна, ёсць момант, калі мы пакідаем выключна тэалагічную дыскусію і пераходзім да больш разважлівага або дысцыплінарнага пытання”, -падзяліўся меркаваннем арцыбіскуп Фернандэс.

Але ён удакладніў, што “дактрына не мяняецца, таму што ў канчатковым рахунку гэта неспасціжная, цудоўная і нязменная таямніца Тройцы, выражаная ў Хрысце”, яе “немагчыма палепшыць або змяніць”, да яе “няма чаго дадаць”. “Іншая справа – нашае разуменне гэтай дактрыны, і яно насамрэч змянілася і будзе змяняцца”, - дадаў новы прэфект.

06 ліпеня 2023, 10:46