Прэзідэнт В'етнама ў Ватыкане: заключана пагадненне

Святы Пасад будзе мець пастаяннага прадстаўніка ў В’етнаме з знаходжаннем у краіне. Пагадненне аб гэтым было заключана 27 ліпеня 2023 года падчас ватыканскай сустрэчы Прэзідэнта В'етнама, Пантыфіка і кардынала Дзяржсакратара.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Пагадненне было дасягнута па выніках 10-га пасяджэння Сумеснай рабочай групы паміж В’етнамам і Апостальскай Сталіцай, якое адбылося ў Ватыкане 31 сакавіка 2023 года.

У камюніке Залы Друку Святога Пасада гаворыцца, што падчас перамоў паміж Во Ван Тхыонгам, Францішкам і кардыналам П’етра Паралінам “бакі далі высокую ацэнку значнаму прагрэсу ў адносінах паміж В’етнамам і Апостальскай Сталіцай, а таксама пазітыўнаму ўкладу, зробленаму да гэтага часу в'етнамскай каталіцкай супольнасцю”.

Яны таксама выказалі “перакананне ў тым, што пастаянны прадстаўнік Папы будзе выконваць ролю і мандат, вызначаныя ў пагадненні, аказваць падтрымку в'етнамскай каталіцкай супольнасці ў яе праектах у духу права і, заўсёды натхняючыся Настаўніцтвам Касцёла, дапамагаць ёй у рэалізацыі паклікання “суправаджаць народ”, “спрыяць развіццю краіны”, заставацца “добрымі католікамі і добрымі грамадзянамі”. Папскі прадстаўнік павінен стаць “мостам для развіцця адносін паміж В'етнамам і Апостальскай Сталіцай”.

В'етнам ніколі дагэтуль не падтрымліваў поўных адносін са Святым Пасадам. Аднак з 1925 года ў Ханоі існавала апостальская дэлегатура, без дыпламатычнага статусу, якая служыла падтрыманню сувязей з мясцовым Касцёлам. Першапачаткова яе тэрыторыяй быў увесь Індакітай.

Пасля таго, як яе супрацоўнікі былі высланы камуністычнымі ўладамі Паўночнага В'етнама, у 1957 годзе яна пераехала ў Сайгон. Пасля заканчэння вайны ў В’етнаме і акупацыі поўдня краіны камуністычнымі сіламі апостальскі дэлегат быў вымушаны пакінуць Сайгон. З 1975 года прадстаўніцтва Святога Пасада не працавала.

Падчас пасяджэння Сумеснай рабочай групы ў Ватыкане 23-24 чэрвеня 2010 года было вырашана, што Святы Пасад прызначыць свайго пастаяннага спецыяльнага прадстаўніка па сувязях з Сацыялістычнай Рэспублікай В’етнам, які, аднак, не будзе пражываць у краіне. У 2011-2017 гадах гэту пасаду займаў арцыбіскуп Леапольда Гірэлі, а з 2018 года – арцыбіскуп Марэк Залеўскі – чарговыя апостальскія нунцыі ў Сінгапуры. Яны з дазволу ўрада В'етнама наведвалі краіну.
 

28 ліпеня 2023, 10:40