Пошук

ілюстрацыйнае фота ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: патрэбны новы душпастырскі падыход да сужэнства

Сітуацыя, у якой сёння апынуліся нашы дзеці, патрабуе ад нас адкрытага абвяшчэння ім праўды пра сужэнства і сям’ю, - заявіла ў інтэрв’ю Famille Chrétienne падсакратар Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Габрыэла Гамбіна падкрэсліла неабходнасць новага душпастырскага падыходу да сужэнства і сям’і. Гэта звязана са зменамі, якія адбываюцца ў грамадстве, і негатыўным уплывам на маладое пакаленне. Раней жыццю ў сужэнстве і сям'і маладыя людзі вучыліся спантанна і натуральна ў паўсядзённым жыцці. Сёння гэта ўжо не так.

“Нашы дзеці адчуваюць наступствы секулярызацыі, культурнага і антрапалагічнага крызісаў. Таму патрэбна асобная, працяглая падрыхтоўка да сужэнства, якая пачынаецца з ранняга ўзросту”, - перакананая намесніца сакратара профільнай структуры Святога Пасада.

Дзецям трэба ясна тлумачыць, што такое шлюб, трэба выхоўваць іх да здаровага і збалансаванага сексуальнага жыцця ў перспектыве сужэнства і адкрытасці на жыццё. Дзякуючы сведчанню хрысціянскіх сем’яў маладыя людзі могуць адкрыць, што прыняцце новага жыцця ў сужэнстве – гэта найвялікшы дар, які яны могуць атрымаць. Гэта не відавочныя для сучаснай моладзі рэчы. Таму і душпастырская апека павінна надаваць больш увагі выхаванню маладых людзей у любові і сексуальнай сталасці, - лічыць падсакратар ватыканскай дыкастэрыі.

Жонка і маці пецярых дзяцей пацвердзіла ключавую ролю святога Яна Паўла ІІ. На яе думку, важным у навучанні Папы было вывядзенне прыгажосці чалавечай сексуальнасці з самога акту стварэння, з таго, што было на пачатку і што сам Бог лічыў “вельмі добрым”. Такім чынам Ян Павел II развіў вучэнне Другога Ватыканскага Сабору, які звярнуў увагу на пакліканне свецкіх і фактычна прызнаў сакрамэнт сужэнства шляхам да святасці.

Габрыэла Гамбіна адзначыла, што новыя задачы, якія стаяць сёння перад Касцёлам у сферы суправаджэння сужэнскіх пар і доўгатэрміновай падрыхтоўкі да сакрамэнту, патрабуюць сур’ёзных змен у самім душпастырстве і ў падрыхтоўцы да святарства. У паўсядзённым жыцці Касцёла неабходна большае супрацоўніцтва паміж духавенствам і хрысціянскімі сужэнцамі. З іншага боку, у працэсе навучання ў семінарыі патрэбна не толькі набыццё тэарэтычных ведаў, але і практыка ў душпастырстве сем’яў.
 

12 ліпеня 2023, 10:44