Святы Пасад збірае настаяцеляў і супрацоўнікаў санктуарыяў
У Ватыкане з 9 па 11 лістапада 2023 года пройдзе ІІ Міжнародная сустрэча рэктараў і супрацоўнікаў санктуарыяў. Яна будзе прысвечана ролі паломніцкіх месц у кантэксце Святога Года.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Тэма форуму, арганізаванага Дыкастэрыяй па евангелізацыі, – Санктуарый – дом малітвы. Насустрач Юбілею 2025 года. У цэнтры ўвагі будзе малітва ў розных яе формах.
Выкладчыкі каталіцкіх універсітэтаў і эксперты прапануюць свой погляд на такія тэмы, як заступніцкая малітва, малітва грэшніка, як маліцца музыкай і спевам, малітва ў мастацтве, народная малітва. Арцыбіскуп Рына Фізікела, про-прэфект Дыкастэрыі, падзеліцца думкамі аб ролі санктуарыяў у кантэксце Святога Года, які пройдзе на тэму Пілігрымы надзеі. Удзельнікаў прыме на аўдыенцыі Папа Францішак.
Рэгістрацыя на форум працягнецца да 30 верасня 2023 года. Упершыню рэктараў і супрацоўнікаў санктуарыяў збіралі ў Ватыкане ў 2018 годзе.
31 ліпеня 2023, 15:21