Пошук

Штаб-кватэра ААН у Нью-Ёрку Штаб-кватэра ААН у Нью-Ёрку  (AFP or licensors)

Святы Пасад у ААН: ставіць чалавека ў цэнтр праграм развіцця

Мадэлі аказання дапамогі краінам, якія знаходзяцца ў цяжкіх сітуацыях, павінны спрыяць інтэгральнаму развіццю чалавечага патэнцыялу, - заявіў прадстаўнік Святога Пасада ў ААН, мансеньёр Роберт Мэрфі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святы Пасад настойліва заклікае міжнародную супольнасць пацвердзіць сваю прыхільнасць аказанню падтрымкі краінам, якія знаходзяцца ў асабліва цяжкіх сітуацыях, каб задаволіць іх канкрэтныя і прыярытэтныя патрэбы ў галіне развіцця, - заявіў намеснік пастаяннага назіральніка Святога Пасада ў ААН, выступаючы на Палітычным форуме высокага ўзроўню па ўстойлівым развіцці, які 10-19 ліпеня 2023 года праходзіць у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку.

Выкараненне галечы

Прымаючы ўдзел у дэбатах, прысвечаных Мэтам устойлівага развіцця на перыяд да 2030 года ў Афрыцы і найменш развітых краінах, прадстаўнік Святога Пасада пацвердзіў, што любая палітыка ці праграма ў галіне развіцця "павінна ставіць у цэнтр чалавечую асобу". Гэта азначае, што мадэлі развіцця павінны быць накіраваныя не толькі на вырашэнне эканамічных або фінансавых праблем краін, а хутчэй на садзейнічанне комплекснаму развіццю чалавечага патэнцыялу. У сувязі з гэтым, "выкараненне галечы застаецца найбольш неадкладнай задачай, якую міжнародная супольнасць павінна вырашаць калектыўна", каб усе жанчыны, мужчыны і дзеці маглі б цалкам раскрыць свой патэнцыял і ўдзельнічаць у жыцці грамадства.

Справядлівы гандаль

Важнае месца ў барацьбе з беднасцю займае гандаль, паколькі ён спрыяе эканамічнаму росту. Аднак гандаль можна назваць справядлівым толькі тады, калі ён адпавядае крытэрыям сацыяльнай справядлівасці і этыкі. "Канчатковым крытэрыем, па якім павінны ацэньвацца ўсе аспекты міжнароднага развіцця і дапамогі, з'яўляецца павага годнасці, уласцівай кожнаму чалавеку, і садзейнічанне агульнаму дабру ўсіх", - адзначыў дыпламат

Павага да каштоўнасцяў

Прадстаўнік Святога Пасада пацвердзіў неабходнасць прыняцця такіх мер у галіне развіцця, якія б паважалі культуру і каштоўнасці кожнай краіны. У прыватнасці, ён падкрэсліў, што аказанне міжнароднай эканамічнай дапамогі ніколі не павінна выкарыстоўвацца для ідэалагічнай каланізацыі.

17 ліпеня 2023, 13:15