Пошук

Танкі ля Харкава. Ілюстрацыйнае фота Танкі ля Харкава. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Святы Пасад у ААН: зрабіць ўсё магчымае, каб спыніць вайну

Святы Пасад па-ранейшаму сур'ёзна занепакоены крывавай вайной ва Украіне і зноў заклікае зрабіць так, каб замаўчала зброя, - заявіў арцыбіскуп Габрыэле Кача на 88-м пленарным пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Выступаючы 18 ліпеня 2023 года на пасяджэнні, прысвечаным сітуацыі на часова акупаваных тэрыторыях Украіны, Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН нагадаў словы Францішка аб тым, што цяперашняя вайна ва Украіне, як і ўсе войны, з'яўляецца абсалютнай катастрофай "для народаў і сем'яў, для дзяцей і старых, для людзей, вымушаных пакінуць сваю краіну, для гарадоў і вёсак, а таксама для стварэння, як мы бачылі пасля разбурэння дамбы ў Новай Кахоўцы".

Уз'яднаць падзеленыя вайной сем'і

Святы Пасад запрашае дзяржавы працягваць аказваць гуманітарную дапамогу бежанцам да таго часу, пакуль яны не змогуць добраахвотна і бяспечна вярнуцца дамоў. Неабходна таксама прыкласці ўсе намаганні для хутчэйшага ўз'яднання падзеленых вайной сем'яў, абараняючы, у першую чаргу, інтарэсы пацярпелых дзяцей, - падкрэсліў ватыканскі дыпламат.

Супрацоўнічаць на карысць міру

Іерарх дадаў, што міжнародная супольнасць "не павінна мірыцца з вайной, а павінна працаваць разам у імя міру". Святы Пасад заклікае ўсе бакі падтрымліваць гуманітарныя ініцыятывы і намаганні, у тым ліку і міратворчую місію, ускладзеную Францішкам на кардынала Матэа Дзупі.

Выкарыстоўваць усе магчымыя дыпламатычныя сродкі

Спасылаючыся на словы Святога Айца, арцыбіскуп Кача заклікаў “прыкласці ўсе дыпламатычныя намаганні, нават тыя, якія дагэтуль не выкарыстоўваліся, каб спыніць гэтую велізарную трагедыю. Вайна сама па сабе – гэта памылка і жах!” – сказаў ён, заклікаючы да спынення агню і пачатку перамоў, накіраваных на дасягненне справядлівага і трывалага міру.

19 ліпеня 2023, 13:03