Арцыбіскуп Палья здзейсніць візіт у Лацінскую Амерыку
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У праграме візіту іерарха сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў і міжнароднай супольнасці, медыцынскім персаналам і прадстаўнікамі свету навукі і адукацыі. Яны будуць прысвечаны пытанням, звязаным з барацьбой з голадам, падтрымкай пажылых людзей і паліятыўнай дапамогай.
24 жніўня ў сталіцы Чылі горадзе Сант’яга арцыбіскуп Палья наведае лацінаамерыканскую сядзібу Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацыі (FAO), дзе выступіць з прамовай на тэму: Прадухіліць і зменшыць страты і марнаванне прадуктаў у кантэксце харчовай бяспекі: міжсектарны выклік.
На наступны дзень, 25 жніўня, іерарх адведвае Універсітэт Кансэпс’ёна, дзе прыме ўдзел у прэзентацыі іспанамоўнага перакладу кнігі аб паліятыўнай дапамозе, якая ў 2019 годзе была падрыхтаванага Папскай акадэміяй жыцця.
26 жніўня раніцай арцыбіскуп Палья сустрэнецца з работнікамі сферы аховы здароўя Кансэпс’ёнскай архідыяцэзіі. У цэнтры ўвагі будуць тэмы, звязаныя з заканчэннем чалавечага жыцця і ўразлівасцю. У другой палове дня старшыня Папскай акадэміі жыцця паляціць у Аргентыну.
У Буэнас-Айрэсе большая частка сустрэч ватыканскага іерарха адбудзецца 28 жніўня. Ён абмяркуе з заканадаўцамі клопат пра пажылых людзей і важнасць паліятыўнай дапамогі; потым, у сядзібе мясцовага Caritas, сустрэнецца з тэолагамі; а таксама прачытае лекцыю ў Аргентынскім каталіцкім універсітэце з нагоды 60-годдзя гэтай установы.
29 жніўня арцыбіскуп Палья адведае сядзібу дабрачыннай каталіцкай арганізацыі Familia Grande del Hogar de Cristo, сустрэнецца з групай аргентынскіх палітыкаў і здзейсніць візіт ва Універсітэт Сальвадора. 30 жніўня іерарх звернецца з відэапасланнем да супольнасці Нацыянальнай медыцынскай акадэміі.