Кардынал Чэрны прымае ўдзел у касцёльнай асамблеі ў Амазоніі
Марыя Валодзіна – Vatican News
Пасяджэнне Касцёльнай канферэнцыі Амазоніі працягнецца да 11 жніўня. У ім прымаюць удзел прадстаўнікі Касцёла з Антыльскіх астравоў, Балівіі, Бразіліі, Венесуэлы, Калумбіі, Перу і Эквадора. Кожная дэлегацыя складаецца з біскупа, святара або дыякана, кансэкраванай асобы і свецкага верніка. Акрамя таго, для ўдзелу ў асамблеі ў Манаус прыбылі прадстаўнікі арганізацый, у склад якіх уваходзіць Касцёльная канферэнцыя Амазоніі: Біскупскай рады Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (CELAM), Панамазонскай касцёльнай сетцы (REPAM), Лацінаамерыканскай канфедэрацыі законнікаў і законніц (CLAR) і Caritas Лацінскай Амерыкі.
Мэта падарожжа кардынала Чэрнага – даведацца, з якімі праблемамі сутыкаюцца мясцовыя каталіцкія супольнасці, якім чынам можна забяспечыць Касцёлу Амазоніі лепшае суправаджэнне з боку Святога Пасада, а таксама данесці словы Францішка.
Акрамя ўдзелу ў асамблеі, кардынал Чэрны правёў сустрэчы з арцыбіскупам Манауса, кардыналам Леанарда Штайнэрам, і дапаможным біскупам мансеньёрам Канаварасам, наведаў прыгарад Манауса, сустрэўся з мясцовымі каталіцкімі супольнасцямі і місіянерамі. Падчас сустрэч абмяркоўваліся пытанні чалавечай годнасці ўсіх людзей, у тым ліку мігрантаў, карэнных народаў, жанчын і дзяцей. "Езус запрашае нас любіць бліжняга", - сказаў ватыканскі іерарх, выказваючы падзяку мясцовым супольнасцям за іх працу на карысць тых, хто пакутуе. "Не бойцеся слухаць і быць пачутымі, ісці разам, дапамагаць адзін аднаму", - заахвоціў ён.
Па словах прэфекта, першае, што ён заўсёды імкнецца зрабіць падчас візітаў у розныя куткі свету, гэта пайсці насустрач "чалавеку, які адчувае цяжкасці, які пакутуе", каб дапамагчы пераадолець вялікія праблемы, перашкоды на шляху развіцця, перашкоды на шляху да годнага жыцця".