Пошук

Францішак падчас сустрэчы з партугальскім істэблішментам Францішак падчас сустрэчы з партугальскім істэблішментам  (VATICAN MEDIA Divisione Foto) Калонка рэдактара

Курс Еўропы і творчыя шляхі да міру

У прамове да партугальскіх уладаў Францішак зноў заклікаў Еўрапейскі Саюз развіваць дыпламатыю, якая будуць гасіць канфлікты, пачынаючы ад вайны ва Украіне, заўважыў галоўны рэдактар СМІ Святога Пасаду.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Аляксандр Панчанка / Vatican News

Калі вайна, якая разгарэлася ў цэнтры хрысціянскай Еўропы з расійскай агрэсіяй супраць Украіны, можа прызвычаіць нас да сябе, то ёсць тыя, хто не стамляецца спалучаць прароцтва і рэалізм, прасіць аб міры, заклікаючы краіны і народы – асабліва Еўропу – да адказнасці. Ужо на пачатку свайго падарожжа ў Партугалію, Папа казаў пра ролю Старога кантынента, спадзеючыся, што ён не забудзе сваю тоеснасць, але будзе здольным прапаноўваць творчыя шляхі для міру і дыпламатычныя рашэнні, замест прыняцця ідэі непазбежнасці вайны і гонкі ўзбраенняў.

Наступнік святога Пятра адзначыў, што “планетарная несправядлівасць, войны, кліматычныя і міграцыйныя крызісы, здаецца, рухаюцца хутчэй, чым здольнасць, а часта і воля, разам супрацьстаяць гэтым выклікам”. Аднак ён дадаў, што “Лісабон можа прапанаваць змяніць тэмп”, таму што менавіта тут у 2007 годзе была падпісана Дамова аб рэфармаванні Еўрапейскага саюза, у якой гаворыцца, што “ў сваіх знешніх адносінах Саюз павінен спрыяць міру, бяспецы, устойліваму развіццю Зямлі, салідарнасці і ўзаемнай павазе паміж народамі, свабоднаму і справядліваму гандалю, выкараненню галечы і абароне правоў чалавека”.

Францішак сказаў, што “Еўропа, сапраўдная Еўропа, патрэбна свету: патрэбна ў яе ролі будаўніцы мастоў і міратворцы ў яе ўсходняй частцы, у Міжземнамор’і, у Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Толькі такім чынам Еўропа будзе ў стане прынесці на міжнародную арэну “сваю асаблівую непаўторнасць”, якая ў гэты гістарычны момант з цяжкасцю праяўляецца.

Існуе патрэба ў развіцці “дыпламатыі міру, якая гасіць канфлікты і здымае напружанасць”. У сувязі з гэтым Папа скіраваў да Еўропы пытанні: “Куды ты плывеш, калі не прапануеш свету шляхоў міру, творчых шляхоў для спынення вайны ва Украіне і шматлікіх канфліктаў, якія афарбоўваюць свет крывёй? І яшчэ, пашыраючы поле: якім курсам ідзеш, Захад? Адных толькі тэхналогій, якія вызначылі прагрэс і глабалізавалі свет, недастаткова; а тым больш недастаткова самай складанай зброі, якая не з’яўляецца інвестыцыяй у будучыню, а робіць бяднейшым сапраўдны чалавечы капітал, адукацыю, ахову здароўя, сацыяльную дзяржаву. Трывожна чытаць, што ў многіх месцах сродкі пастаянна ўкладваюцца ў зброю, а не ў будучыню іх дзяцей”.

Што яшчэ павінна адбыцца, каб Еўропа ўзварухнулася і вярнулася да сваёй ролі?

Паводле звестак Генеральнай пракуратуры Украіны, на 22 лютага 2023 года ўварванне забрала жыцці 9655 мірных жыхароў, у тым ліку 461 дзіця; было паранена 12 829 мірных жыхароў, у тым ліку 926 дзяцей; і здзейснена больш чым 68 тысяч ваенных злачынстваў, у тым ліку 2600 супраць дзяцей. Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў мяркуе, што да канца лютага 2023 года ў Еўропе налічвалася каля 8,1 мільёна перамешчаных асоб. Цэлыя тэрыторыі Украіны знішчаныя, забруджаныя або замініраваныя. Гэтая трагедыя павінна скончыцца спачатку перамір’ем, а потым справядлівым мірам.

Але Францішак не перастае глядзець у будучыню з надзеяй: “Я мару пра Еўропу, сэрца Захаду, якая выкарыстоўвае сваю вынаходлівасць, каб патушыць агонь вайны і распаліць святло надзеі; пра Еўропу, якая магла б нанова адкрыць сваю юнацкую душу, марачы аб бляску супольнага і выходзячы за межы надзённых патрэб; пра Еўропу, якая б прымала народы і людзей без звароту да тэорый і ідэалагічнай каланізацыі”. Ён заслугоўвае на тое, каб яго выслухалі, пакуль не будзе позна.
 

03 жніўня 2023, 12:30