Пошук

Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін  

Паралін: Папа едзе ў Манголію як пілігрым надзеі для ўсяго свету

Мір, сустрэча і дыялог стануць трыма краевугольнымі камянямі апостальскага падарожжа ў Манголію, - адзначыў кардынал П'етра Паралін.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Напярэдадні 43-га апостальскага візіту ў Манголію, якое распачнецца 31 жніўня 2023 года, кардынал Дзяржаўны сакратар П’етра Паралін даў інтэрв'ю адказнаму рэдактару Vatican News Масіміліяна Мэнікэці.

На пытанне аб тым, чаго чакае Святы Айцец ад візіту ва Улан-Батар, іерарх адзначыў, што папскае падарожжа ў сэрца Азіі адбудзецца па запрашэнню ўладаў краіны і каталіцкай супольнасці. “Чаканні, безумоўна, вялікія, як з боку Святога Айца, так і з боку Манголіі, якая ўпершыню пабачыць пераемніка святога Пятра на сваёй зямлі”, - заўважыў кардынал Паралін, дадаючы, што Папа зацікаўлены “ў знаёмстве з гэтай супольнасцю, невялікай па колькасці, але маладой, жывой, з захапляльнай гісторыяй”.

Па словах іерарха, каля 1500 католікаў Манголіі чакаюць Францішка з “адчувальным энтузіязмам”. Яго прысутнасць пацвердзіць і заахвоціць іх на шляху хрысціянскага жыцця, на шляху веры, надзеі і міласэрнасці, а таксама стане завяршэннем перыяду місіянерскай інкультурацыі. На думку кардынала Параліна, можна толькі захапляцца тым, як пасля стагоддзяў адсутнасці на пачатку 1990-х гадоў мангольскі Касцёл адрадзіўся “практычна з нуля”. Першыя місіянеры былі сапраўднымі піянерамі: вывучалі мову, пачыналі цэлебраваць святую Імшу ў дамах, займаліся дабрачыннасцю, успрымаючы мясцовае насельніцтва як свой уласны народ.

Дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і Манголіяй былі ўсталяваны ў 1992 годзе. Аб значных поспехах у сферах агульных інтарэсаў сведчыць трохдзённы афіцыйны візіт у Манголію Сакратара па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера, які адбыўся ў мінулым чэрвені. Апостальскае падарожжа Францішка стане “спрыяльнай магчымасцю для далейшага ўмацавання гэтых сувязяў, накіраваных на садзейнічанне агульнаму дабру, свабодзе веравызнання, міру, цэласнаму развіццю чалавека, адукацыі, культурнаму абмену, а таксама на вырашэнне агульных праблем, якія стаяць перад рэгіёнам і міжнароднай супольнасцю”, - лічыць кардынал Паралін.

Акрамя таго, у краіне вялікай будысцкай традыцыі вельмі значным з’яўляецца міжрэлігійнае вымярэнне. У нядзелю, 3 верасня 2023 года, адбудзецца міжканфесійная сустрэча з удзелам Папы. Па словах яго бліжэйшага супрацоўніка, шлях экуменічнага дыялогу – гэта шлях, па якому, пачынаючы з Другога Ватыканскага Сабора, “Каталіцкі Касцёл ідзе без сінкрэтызму”, засяроджваючы ўвагу на неабходнасці пабудовы міру і братэрства.

Адказваючы на пытанне пра традыцыйны лад жыцця і рост урбанізацыі, які назіраецца ў апошнія гады, Дзяржсакратар нагадаў пра “важнасць пошуку гармоніі”, пра сацыяльны і духоўны рост чалавека. На яго думку, мангольскае грамадства закліканае “спалучаць традыцыі і сучаснасць, не губляючы каранёў і спрыяючы развіццю кожнага чалавека”. Падчас візіту Папа, безумоўна, засяродзіць увагу і на гэтых аспектах, - перакананы кардынал Паралін.

Іерарх адзначыў, што Святы Айцец будзе працягвае заклікаць да міру ў свеце, які раздзіраюць канфлікты, таму што ён нясе ў сваім сэрцы пакутлівую боль, выкліканую вайной. Акрамя таго, сама прысутнасць Папы ў Манголіі з'яўляецца запрашэннем да міру, “да павагі да кожнай краіны, малой ці вялікай, да захавання міжнароднага права”, - падкрэсліў кардынал Паралін.

На пытанне пра магчымае падарожжа ў Кітай, іерарх адказаў, што цікавасць Папы да гэтай краіны вядомая. “У сэрцы Святога Айца існуе вялікае жаданне, цалкам зразумелае жаданне, якое ён ужо неаднаразова публічна выказваў, паехаць у гэтую высакародную краіну, каб наведаць каталіцкую супольнасць і падбадзёрыць яе на шляху веры і адзінства, а таксама сустрэцца з палітычнымі ўладамі, з якімі Святы Пасад ужо даўно ўсталяваў дыялог”, - зазначыў Дзяржсакратар.

Кардынал Паралін нагадаў дэвіз апостальскага падарожжа ў Манголію: Супольная надзея. Наш свет адчувае недахоп у надзеі, - лічыць іерарх, дадаючы, што падарожжы Папы ў геаграфічна далёкія краіны і краіны, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі, сведчаць пра яго гатоўнасць актыўна і канкрэтна спрыяць надзеі для ўсяго свету.

30 жніўня 2023, 14:38