Пошук

Адміністрацыя маёмасці Святога Пасада (APSA) Адміністрацыя маёмасці Святога Пасада (APSA)  

Святы Пасад апублікаваў фінансавую справаздачу за 2022 год

Трэці год запар Адміністрацыя маёмасці Святога Пасада (APSA) абнародуе фінансавую справаздачу. Па словах старшыні фінансавай установы, гэта сведчыць аб выбары на карысць празрыстасці.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Паводле балансу, у 2022 годзе на патрэбы Рымскай курыі было выдаткавана 32,27 мільёна еўра. Гэта менш, чым у 2021 годзе, калі Курыя атрымала 38,1 мільёна еўра. Асноўная прычына скарачэння фінансавання – нестабільнасць рынкаў у сувязі з вайной ва Украіне.

Паведамляецца, што ў 2022 годзе была адзначана больш высокая прыбытковасць актываў у сферы нерухомасці, якая павялічылася на 32 мільёны еўра ў параўнанні з 2021 годам. Станоўчую ролю ў гэтым адыграла аднаўленне пасля пандэміі каронавіруса.

Што тычыцца кіравання рухомай маёмасцю, у гэтай сферы адзначаецца адмоўны вынік у памеры 6,7 мільёна еўра. Сярод прычын – рэзкае пагаршэнне макраэканамічнай і геапалітычнай абстаноўкі, энергетычны крызіс, канфлікт ва Украіне, падзенне фондавага рынку і рынку каштоўных папер. Таксама выраслі эксплуатацыйныя выдаткі Святога Пасада: ад 10 да 13 мільёнаў еўра.

Акрамя таго, у справаздачы згадваецца трохгадовы план APSA па далейшаму ўдасканаленню дзейнасці і паляпшэнню вынікаў, які можа прынесці прыбытак у памеры каля 55,4 мільёнаў еўра. У прыватнасці, вядзецца актыўная праца над праектам здачы ўнаём незанятых будынкаў. 79 аб'ектаў нерухомасці ўжо былі адрамантаваныя і здаюцца ўнаём, застаецца аднавіць яшчэ 61 аб'ект, які зараз не выкарыстоўваецца.

У цэлым, згодна са справаздачай, у маёмасці Святога Пасада знаходзяцца 4072 аб'екта нерухомасці. У 2022 годзе ў італьянскую казну было выплачана амаль 9 мільёнаў еўра падаткаў: 6,05 мільёна еўра адзінага муніцыпальнага падатку (IMU) і 2,91 мільёна еўра ў якасці падатку на прыбытак для прадпрыемстваў (IRES).

Па словах кіраўніка Адміністрацыі маёмасці Святога Пасада, біскупа Нунцыа Галанціна, празрыстасць з'яўляецца “адным з інструментаў для прадухілення неабгрунтаваных падазрэнняў” у дачыненні да велічыні маёмасці Касцёла, а таксама да выканання такіх абавязкаў, як выплата падаткаў.

11 жніўня 2023, 12:49