Святы Пасад дашле чарговы груз гуманітарнай дапамогі ва Украіну
Марыя Валодзіна - Vatican News
На гэты раз гаворка ідзе аб двух грузавіках харчовай дапамогі, якую Францішак дасылае ва Украіну, дзе працягваецца гуманітарны крызіс. Паводле апостальскага элемазінарыя, адна карэйская кампанія даслала ў Ватыкан 300 тысяч порцый ежы хуткага прыгатавання (булёна), якія будуць перададзеныя насельніцтву рэгіёнаў, найбольш пацярпелых ад наступстваў вайны.
У аперацыях па пагрузцы і перавозцы гуманітарнай дапамогі на тэрыторыю грэка-каталіцкай парафіі святой Сафіі ў Рыме прынялі ўдзел 30 бяздомных, якія знайшлі дах над галавой у прытулку, адкрытым па даручэнні Францішка ў Ватыкане. Па словах кардынала Краеўскага, яны без ваганняў пагадзіліся дапамагчы ў якасці валанцёраў з адпраўкай грузу, “нягледзячы на тое, што гаворка ішла аб шматгадзіннай цяжкай працы".
Праз некалькі дзён гуманітарны груз будзе адпраўлены ва Украіну. З пачатку вайны Святы Пасад даслаў туды ўжо 106 грузавікоў, - адзначыў апостальскі элемазінарый.
"Падчас наступных паездак ва Украіну мы не толькі павязем ежу, але праз некалькі тыдняў адкрыем у Львове вялікі дом для ўдоў і маці з дзецьмі, які быў пабудаваны з дапамогай іншых арганізацый, але галоўную ролю ў гэтым адыграў Святы Айцец", - распавёў ватыканскі іерарх.