Пошук

Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява  (©lukszczepanski - stock.adobe.com)

Святы Пасад: пачуць галасы пацярпелых ад ядзерных выпрабаванняў

Неабходна вучыцца ў тых, хто пацярпеў ад ядзерных выпрабаванняў, падкрэсліў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН, арцыбіскуп Габрыэле Кача.

Марыя Валодзіна - Vatican News

29 жніўня 2023 ён прыняў удзел у пленарным пасяджэнні Генеральнай Асамблеі ААН з нагоды Міжнароднага дня дзеянняў супраць ядзерных выпрабаванняў. Ён падкрэсліў, што галасы пацярпелых заклікаюць "чалавечую сям'ю да больш глыбокага разумення прыгажосці, любові, супрацоўніцтва і братэрства, адначасова нагадваючы свету пра небяспекі ядзернай зброі, якая патэнцыйна можа знішчыць нас і цывілізацыю".

Іерарх нагадаў, што першае выпрабаванне ядзернага выбуху было праведзена 78 гадоў таму на палігоне Трыніці ў штаце Нью-Мексіка. Гэта падзея паклала пачатак ядзернай гонцы, якая нанесла сур'ёзную шкоду насельніцтву, прымусіла людзей міграваць, пахіснула здароўе некалькіх пакаленняў, атруціла ежу і ваду, парушыла духоўныя сувязі людзей з нашым агульным домам – Зямлёй.

Па словах ватыканскага дыпламата, наступствы ядзерных выпрабаванняў непрапарцыйна моцна адбіліся на карэнных народах, жанчынах і дзецях. Ядзерныя дзяржавы маюць маральныя і юрыдычныя абавязацельствы па аднаўленні жыцця, супольнасцяў і экасістэм, пацярпелых у выніку выпрабаванняў, - нагадаў арцыбіскуп Кача.

На жаль, гонка ўзбраенняў працягваецца, а рызыка аднаўлення ядзерных выпрабаванняў застаецца рэальнай, - адзначыў дыпламат, дадаючы, што Святы Пасад падтрымлівае намаганні па ўступленні ў сілу Дагавора аб усеагульнай забароне ядзерных выпрабаванняў, а таксама ўзмацненне забароны на выпрабаванне ядзерных выбуховых прылад, прадугледжанай Дагаворам аб забароне ядзернай зброі.

Іерарх нагадаў словы Францішка аб тым, што ядзерная зброя "не можа быць асновай этыкі братэрства". Дасягненне ўсеагульнай забароны на выпрабаванні ядзерных выбуховых прылад неабходна для таго, каб ісці наперад па шляху стварэння "клімату даверу і шчырага дыялогу", - зазначыў арцыбіскуп Кача.

30 жніўня 2023, 10:40