Гуманітарны груз з Ватыкана дастаўлены ў Запарожжа і Харкаў
Ян Глінскі
Зімовае адзенне і прадукты харчавання будуць перададзены жыхарам прыфрантавой тэрыторыі, якія бягуць ад вайны. Аперацыю па аказанні дапамогі каардынуе спецыяльны пасланнік Папы кардынал Конрад Краеўскі.
Нядаўна ў Ватыкан быў дастаўлены дар ад адной з карэйскіх фабрык у выглядзе 300 тысяч страў хуткага прыгатавання. Згодна з рашэннем Пантыфіка, усё было накіравана ва Украіну разам з іншай гуманітарнай дапамогай, а з пагрузкай дапамагалі бяздомныя, якія жывуць у прытулку, створаным па ініцыятыве Святога Айца.
“Яны прынялі ўдзел у гэтай акцыі, бо хочуць, каб дапамогу атрымалі іншыя, якія знаходзяцца ў большай патрэбе, чым яны самі”, - сказаў кардынал Краеўскі і дадаў, што таксама трэба падзякаваць “адважным і гераічным украінскім вадзіцелям, дзякуючы якім падтрымка даходзіць да самых небяспечных месцаў, такіх як Запарожжа”.
Біскуп Ян Сабіла, які прымаў груз з Ватыкана, нагадаў, што Святы Айцец ад самага пачатку вайны падчас кожнай аўдыенцыі і на сустрэчах гаворыць пра змучаную Украіну і сістэматычна дасылае гуманітарную дапамогу. Кожны дзень, па словах украінскага біскупа, гэтую дапамогу атрымліваюць паўтары тысячы чалавек.
“Дапамога ў першую чаргу пойдзе перасяленцам і ўцекачам з лініі фронту, і тым, хто быў перавезены або паспеў з’ехаць і жыве ў Запарожжы. У іх няма свайго жылля, таму што іх бамбяць. Такіх людзей у Запарожжы жыве вельмі шмат, бо гэта першы горад, які сустракае бежанцаў з Бярдзянска, Марыупаля, Мелітопаля, – адзначыў біскуп Сабіла. – З тых гарадоў, якія ўжо акупаваныя або знаходзяцца на лініі фронту. Таму гэтыя бежанцы жывуць у розных школах, інтэрнатах. У першую чаргу дапамога будзе ім, а таксама ўсім бедным”.
Дапаможны біскуп Харкаўска-Запарожскай дыяцэзіі падкрэслівае, што людзі вельмі ўдзячныя за дапамогу, якая паступае ад Папы.