Арцыбіскуп Фернандэс пра прымат міласэрнасці ў тэалогіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Іерарх, гаворачы пра свой шлях духоўнага і навуковага развіцця, прызнаўся, што сваімі настаўнікамі ён лічыць святога Банавентуру, Карла Ранера, Ёзэфа Ратцынгера - Бэнэдыкта XVI, Іва Кангара і Ганса Урса фон Бальтазара.
Ён назваў святога Банавентуру "гігантам схаластыкі" і сваім вялікім настаўнікам, паколькі яго тэалогія "здольная сілкаваць духоўнае жыццё і ў той жа час уплываць на канкрэтнае існаванне людзей".
Будучы кардынал, цытуючы святога Тамаша Аквінскага, падкрэсліў “прымат міласэрнасці” ў маральнай тэалогіі. Міласэрнасць стаіць на вяршыні цнотаў, паколькі яна рэгулюе знешнія дзеянні і такім чынам стварае падабенства да дзеяння Божага.
Спасылаючыся на адгартацыю Amoris laetitia, арцыбіскуп Фернандэс заклікаў “асаблівым чынам клапаціцца аб разуменні, суцяшэнні, інтэграцыі, пазбягаючы навязвання людзям зводу правіл, як калі б яны былі камянямі”.
Новы прэфект падкрэсліў, што тэалогія не можа ігнараваць тое, як самыя бедныя людзі, пазбаўленыя сацыяльнай падтрымкі, вымушаны кожны дзень весці барацьбу за выжыванне. Ён звярнуў увагу на тое, што маральнасць не можа быць зведзена выключна да выканання запаведзяў.
Інтэрв'ю, якое арцыбіскуп Віктар Мануэль Фернандэс даў сыходзячаму з пасады дырэктару La Civiltà Cattolica ксяндзу Спадара, было апублікавана ў свежым нумары гэтага езуіцкага часопіса.