Арцыбіскуп Галахер: неабходна клапаціцца пра здароўе кожнага
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі выступіў 20 верасня 2023 года на нарадзе высокага ўзроўню па прадухіленні пандэмій, якая прайшла ў Нью-Ёрку ў рамках 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
Досвед пандэміі каронавіруса яшчэ раз нагадаў усім аб нашай уразлівасці, фундаментальнай узаемасувязі і ўзаемазалежнасці, а таксама аб адказнасці перад іншымі. "Здаровае грамадства – гэта тое грамадства, якое клапоціцца пра здароўе кожнага", - нагадаў дыпламат словы Папы Францішка.
Падчас пандэміі мы сталі сведкамі добрай волі і самаадданасці ўрадаў і розных слаёў грамадства ў тым, што тычылася намаганняў па распрацоўцы, вытворчасці і распаўсюджвання дыягнастычных, тэрапеўтычных сродкаў і вакцын ад каронавіруса. Аднак па-ранейшаму выклікае занепакоенасць той факт, што ў краінах з нізкім узроўнем прыбытку колькасць людзей, якія атрымалі хаця б адну дозу вакцыны ад COVID-19, складае прыкладна палову ад колькасці вакцыніраваных у краінах з высокім узроўнем прыбытку. Рэалізацыя прынцыпа глабальнай салідарнасці патрабуе надання прыярытэтнай увагі ўсеагульнаму доступу да тэхналогій аховы здароўя, асабліва гэта тычыцца найбольш уразлівых слаёў насельніцтва, - звярнуў увагу арцыбіскуп Галахер.
Пандэмія абвастрыла няроўнасць у грамадстве, якую немагчыма пераадолець адной толькі шчодрасцю. Рашэнне гэтай праблемы патрабуе падыходу, які б улічваў глыбокія сувязі паміж беднасцю і станам здароўя. Неабходна нарошчваць патэнцыял краін, якія развіваюцца, спрыяць мясцовым даследаванням, інавацыям, вытворчасці. Акрамя хуткіх рашэнняў у адказ на будучыя пандэміі, неабходна шукаць "доўгатэрміновыя рашэнні, для дасягнення якіх патрабуецца значна больш часу, таму яго нельга марна губляць", - папярэдзіў іерарх.
"Усе меры рэагавання на надзвычайныя сітуацыі ў галіне аховы здароўя павінны ажыццяўляцца з выкананнем правоў і асноўных свабод чалавека, у тым ліку свабоды думкі і слова, свабоды сумлення і веравызнання. Яны павінны ўключаць механізмы салідарнасці і дапамогі ў забеспячэнні лекамі і належным медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва бедных краін з павагай да іх культурнай самабытнасці і суверэнітэту". Акрамя таго, абмен навуковай інфармацыяй і ноу-хау на міжнародным узроўні таксама мае вырашальнае значэнне. Важную ролю ў гэтым закліканы адыграць міжнародныя арганізацыі, такія як Сусветная арганізацыя аховы здароўя, - зазначыў арцыбіскуп Галахер.
Дыпламат нагадаў словы Святога Айца аб тым, што "найвялікшым урокам, які мы атрымалі ад пандэміі COVID-19, стала ўсведамленне таго, што мы ўсе маем патрэбу адзін у адным [...] і што ніхто з нас не можа выратавацца ў адзіночку". Гэта перакананне павінна заставацца рухаючай сілай міжурадавых намаганняў у галіне аховы здароўя, - адзначыў у сваёй прамове Сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.