Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас выступлення на Генеральнай Асамблеі ААН Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас выступлення на Генеральнай Асамблеі ААН  (AFP or licensors)

Арцыбіскуп Галахер у ААН: аднавіць давер дзеля глабальнага міру

Існуе вялікая патрэба ў аднаўленні даверу для адраджэння глабальнай стабільнасці, міру і дабрабыту, - заявіў Сактарар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

26 верасня 2023 года арцыбіскуп Пол Рычард Галахер выступіў на агульных дэбатах падчас Тыдня высокага ўзроўню ў рамках адкрыцця 78-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, што праходзіць у штаб-кватэры арганізацыі ў Нью-Ёрку.

Прадстаўнік папскай дыпламатыі падкрэсліў, што свет патрабуе аднаўлення падыходу да вядзення міжнародных адносін. Ключавым элементам павінна быць салідарнасць, рэалізаваная праз дыялог, суадказнасць і супрацоўніцтва і дзеля пошуку агульнага дабра.

“Міжнародная супольнасць павінна захоўваць паўсюднасць сусветных, шматбаковых форумаў і не дапусціць, каб яны ператварыліся ў клубы, прызначаныя для нешматлікіх эліт з аднолькавым мысленнем, дзе да некаторых ставяцца цярпліва, пакуль яны нікому не перашкаджаюць”, - заўважыў ватыканскі іерарх.

Дыпламат нагадаў пазіцыю Святога Пасаду адносна выкарыстання атамнай энергіі ў ваенных мэтах, падкрэсліваючы, што гэта з’яўляецца “злачынствам супраць чалавечай годнасці”, а само валоданне ядзернымі ўзбраеннямі – амаральнае. Ён нагадаў заклік Папы да поўнай ліквідацыі ядзернай зброі, што павінна быць маральным і гуманітарным выклікам і імператывам.

Асаблівую ўвагу арцыбіскуп Галахер звярнуў на парушэнні правоў чалавека, пачынаючы з права ненароджаных дзяцей прыйсці на свет; на праблемы з доступам многіх да базавых элементаў для годнага жыцця і добрай адукацыі; на феномен сучаснага рабства, практыкаванне катаванняў і выкрадання людзей, а таксама на абмежаванні свабоды веравызнання.

Іерарх падкрэсліў, што каля траціны насельніцтва планеты жыве ва ўмовах абмежавання свабоды рэлігіі, што кожны сёмы хрысціянін зведваў пераслед, а ў краінах, дзе вызнаўцы Хрыста складаюць меншасць, яны ўсё часцей сустракаюцца з насіллем. У той жа час існуюць выпадкі, асабліва на Захадзе, маніпулятыўнага выкарыстання тэрмінаў “злачынства нянавісці” ці “мова нянавісці”, якія ўжываюцца для атаясамлівання практыкаванне рэлігіі з гвалтам, - заўважыў ён.

У ключавым моманце сваёй прамовы Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі закрануў сітуацыю ў краінах, якія пацярпелі ад вайны і іншых бедстваў.

“Расійскі напад на Украіну застаецца адной з самых балючых і крывацечных ран, якая замест таго, каб загойвацца, пашыраецца і паглыбляецца. Несумненна, на працягу больш чым васямнаццаці месяцаў вайны мы сталі сведкамі цудоўнай, пастаянна аднаўляемай гатоўнасці многіх краін дапамагчы разбуранай Украіне абараніць сваіх грамадзян і тэрыторыі. На жаль, гэта не суправаджалася такім ж намаганнямі па пошуку шляхоў пераадолення супрацьстаяння. Мы па-ранейшаму далёкія ад сапраўднай сустрэчы і дыялогу, каб пакласці канец нянавісці, разбурэнню і смерці і адкрыць шляхі да міру і аднаўлення”, - сказаў ён. Арцыбіскуп Галахер заўважыў, што акрамя аказання гуманітарнай дапамогі Святы Пасад імкнецца спрыяць гэтаму працэсу ў сваіх незлічоных закліках і ініцыятывах, поспех якіх залежыць ад супрацоўніцтва ўсіх міжнародных суб’ектаў.

Прадстаўнік Папы згадаў пра цяжкую гуманітарную сітуацыю ў Сірыі, змучанай вайной, землятрусам і галечай, пра канфлікты ў Афрыцы, на Каўказе, а таксама падзяліўся спадзяваннямі на магчымасць дыялогу паміж Апостальскай Сталіцай і Нікарагуа дзеля дабра мясцовага Касцёла і ўсяго насельніцтва гэтай краіны.
 

28 верасня 2023, 09:21