Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Bambino Gesù: расце колькасць спроб самагубства сярод моладзі

У Рыме прайшла канферэнцыя экспертаў па псіхічнаму здароўю, чыю занепакоенасць выклікае рост спробаў самагубства сярод дзяцей і моладзі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У 2022 годзе ватыканскі педыятрычны шпіталь Bambino Gesù зарэгістраваў 387 зваротаў у сувязі са спробамі самагубства і суіцыдальнымі думкамі сярод маладых людзей. Сярэдні ўзрост такіх пацыентаў - 15 гадоў. 90% з іх складаюць дзяўчаты.

З нагоды Сусветнага дня прадухілення выпадкаў самагубства 8 верасня 2023 года дзіцячая бальніца правяла канферэнцыю на тэму псіхапаталогіі суіцыдальных паводзін, у якой прынялі ўдзел педыятры, нейрапсіхіятры, эксперты ў галіне псіхічнага здароўя і прадстаўнікі медыцынскіх устаноў. Яны разглядзелі эпідэміялагічныя і клінічныя дадзеныя, рэкамендацыі па сніжэнню суіцыдальнай рызыкі, а таксама правялі дыскусійны стол на тэму самапашкоджання ў дзіцячым узросце.

Псіхалагічныя пакуты моладзі

"Дэпрэсія і трывожны разлад растуць у геаметрычнай прагрэсіі сярод моладзі на працягу шэрагу гадоў. Мы сутыкнуліся з рэальнай надзвычайнай сітуацыяй у галіне псіхіятрыі, пра што сведчаць вельмі высокія лічбы, зафіксаваныя ў шпіталі Bambino Gesù у апошнія гады, асабліва пасля траўматычнага досведу пандэміі", - падкрэсліў загадчык аддзялення нейрапсіхіятрыі дзяцей і падлеткаў, прафесар Стэфана Вікары, дадаючы, што праблемы псіхічнага здароўя, з-за якіх дзяцей тэрмінова дастаўляюць у аддзяленне неадкладнай дапамогі, усё часцей звязаныя з самапашкоджаннем. Гэты факт сведчыць аб псіхалагічных пакутах моладзі. Яго нельга ігнараваць, але пакуль што яму не надаюць належнай увагі, - папярэдзіў эксперт.

Рост выпадкаў шпіталізацыі

У 2022 годзе па кансультацыю псіханеўролага ў аддзяленні неадкладнай дапамогі Bambino Gesù звярнулася больш за 1500 чалавек. Штодзень прынамсі чацвёра дзяцей і падлеткаў атрымліваюць хуткую дапамогу ў сувязі з псіхічнымі праблемамі.

Колькасць выпадкаў шпіталізацыі ў ахоўнае аддзяленне нейрапсіхіятрыі, дзе лечаць пацыентаў у найбольш цяжкім стане, склалі 544, што на 10% больш, чым у мінулым годзе. 70% выпадкаў шпіталізацыі спатрэбілася ў выніку суіцыдальных думак або спробаў самагубства.

Для прадухілення самагубства і аказання дапамогі сем'ям ватыканскі дзіцячы шпіталь стварыў адмысловую тэлефонную лінію Lucy для тэрміновых псіхалагічных кансультацый, патэлефанаваць на якую можна кругласутачна па нумары 06.68592265.

11 верасня 2023, 10:40