Пошук

Дзяржсакратар да нунцыяў: спрыяць міжканфесійнаму дыялогу

Рэлігіі ніколі не распальваюць вайну і ніколі не выклікаюць пачуцця нянавісці, варожасці, экстрэмізму, - адзначыў кардынал П’етра Паралін падчас біскупскага пасвячэння двух нунцыяў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Урачыстая літургія прайшла 9 верасня 2023 года ў базіліцы святога Пятра. Дзяржсакратар Яго Святасці Папы ўдзяліў біскупскае пасвячэнне двум апостальскім нунцыям: мансеньёру Маўрысіа Руэда Бельцу, прызначанаму нунцыям у Кот-Д'Івуар, і мансеньёру Джорджу Джорджу Панамтундзілу, прызначанаму прадстаўніком Папы і Святога Пасада ў Казахстане, Кіргізіі і Таджыкістане.

Вартавыя, якія ўзіраюцца ў знакі часу

У гаміліі кардынал Паралін падкрэсліў, што місія апостальскага нунцыя – спрыяць “сапраўднаму экуменічнаму і міжрэлігійнаму дыялогу". Ён заахвоціў іх быць, перш за ўсё, "вартавымі, якія ўзіраюцца ў знакі часу".

Новыя біскупы павінны будуць адрозніваць добрыя і прыгожыя знакі часу, якія “вымалёўваецца на гарызонце” ад тых, якія ўяўляюць небяспеку і могуць “нанесці вялікую шкоду, парушыўшы жыццё вернікаў". Яны павінны памятаць пра патрэбы "здаровага хрысціянскага жыцця" і дапамагаць усім ахрышчаным "заўсёды ставіць на першае месца захаванне сяброўства з Панам", - адзначыў Дзяржсакратар.

Спасылаючыся на Евангелле ад Мацвея, кардынал Паралін заклікаў новых біскупаў быць міратворцамі, якія нясуць людзям Божыя дары, прабачэнне, унутраны свет, прысутнасць Сына Божага ў Эўхарыстыі, а таксама абуджаюць любоў да Касцёла.

Несці словы і разважанні Папы

Акрамя таго, у якасці нунцыяў, яны пакліканы несці насельніцтву краін разважанні і словы Папы, прасоўваць Касцёл "у вернасці сапраўднай традыцыі, не як попел, які трэба захоўваць, а як агонь, які трэба падтрымліваць і раздзімаць". Што тычыцца дзяржаўных уладаў, апостальскія нунцыі пакліканы данесці да іх шчырую заклапочанасць Папы аб міры і гарманічным развіцці, якое б не пакідала б на абочыне самых бедных і безабаронных і не пагаршала б кліматычны дысбаланс.

Прысутнасць апостальскіх нунцыяў у краінах служыць "неацэннаму дабру адзінства і камуніі, якое не адмяняе адрозненняў, але гарманізуе, ачышчае і падтрымлівае іх", дазваляе мясцовым Касцёлам атрымліваць неабходную дапамогу Паўсюднага Касцёла, захоўваючы аўтаномію ў адносінах да грамадзянскіх уладаў. У гэтым вялікая прыгажосць Каталіцкага Касцёла, які аб'ядноўвае “ў радаснае і шматграннае адзінства" вернікаў розных культур, моў і традыцый.

Служэнне адзінству і камуніі

Нарэшце, кіраўнік дыпламатыі Святога Пасада падкрэсліў, што "рэлігіі ніколі не распальваюць вайну і ніколі не выклікаюць пачуцця нянавісці, варожасці, экстрэмізму". Такія краіны, як Кот-Д'Івуар і Казахстан адрозніваюцца шматкультурнасцю і шматканфесійнасцю. Розныя рэлігійныя супольнасці жывуць у іх “ва ўзаемнай павазе і мірным суіснаванні”. Калі б усё краіны прытрымліваліся іх прыкладу, гэта было б “лепшым проціяддзем ад любога экстрэмізму і фанатызму", - заключыў кардынал Паралін.

Новыя біскупы

Мансеньёр Маўрысіа Руэда Бельц нарадзіўся ў Багаце (Калумбія) 8 студзеня 1970 года. Святарскае пасвячэнне атрымаў 19 снежня 1996 года. Вывучаў кананічнае права. На дыпламатычнай службе Святога Пасада з ліпеня 2004 года, служыў у Гвінеі, Чылі, Злучаных Штатах Амерыкі, Іарданіі, Партугаліі. У Дзяржаўным сакратарыяце быў адказным за арганізацыю апостальскіх падарожжаў, а таксама падсакратаром секцыі дыпламатычнага персаналу Святога Пасада.

Мансеньёр Джордж Джордж Панамтундзіл – 51-гадовы ўраджэнец Індыі. Святарскае пасвячэнне атрымаў 18 лютага 1998 года. Вывучаў усходняе кананічнае права. Паступіў на дыпламатычную службу Святога Пасада ў ліпені 2005 года і служыў у Коста-Рыцы, Гвінеі, Іраку, Аўстрыі, Ізраілі, Палестыне і на Кіпры.

12 верасня 2023, 12:01