Галахер: ставіць чалавека ў цэнтр мадэлі ўстойлівага развіцця
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі прыняў удзел у палітычным форуме па ўстойлівым развіцці ў рамках 78-й Генеральнай Асамблеі ААН, якая праходзіць у Нью-Ёрку 18-19 верасня 2023 года. Дыпламат нагадаў словы Францішка аб тым, што прыняцце Мэт устойлівага развіцця на перыяд да 2030 года з’яўляецца "важным знакам надзеі", якая натхняе на дзейнасць і змяняе жыццё. Адначасова Папа перасцярог ад небяспецы “бюракратычнага складання доўгіх спісаў добрых прапаноў – мэт, задач і статыстыкі”, - нагадаў іерарх.
Па яго словах, саміт па ўстойлівым развіцці не павінен служыць платформай для абстрактных дэкларацый, якія толькі супакойваць сумленне. Хутчэй, неабходна выкарыстаць гэты форум для нарошчвання намаганняў і паскарэння прагрэсу, каб "перавесці свет на ўстойлівы і жыццястойкі шлях".
Перш за ўсё, неабходна прыняць канкрэтныя меры для вырашэння найвялікшых праблем нашага часу: войнаў і канфліктаў, галечы і голаду, гвалту і сацыяльнай ізаляцыі, змены клімату і дэградацыі навакольнага асяроддзя, а таксама распаўсюджвання "культуры адкідаў", калі чалавек больш не лічыцца першараднай каштоўнасцю, асабліва калі ён бедны ці хворы, ненароджаны ці стары.
Падарожжа па шляху ўстойлівага развіцця, распачатае ў 2015 годзе, патрабуе дальнабачных мер і клопату аб будучых пакаленнях. Гаворка ідзе, у першую чаргу, пра неабходнасць новай мадэлі развіцця, заснаванай на этычных прынцыпах справядлівасці, салідарнасці, сумеснай адказнасці і агульнага дабра, - адзначыў іерарх.
Напрыканцы прамовы арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што поспех дзейнасці па дасягненню Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця залежыць ад прыхільнасці да шматбаковых адносін "як выразу абноўленага пачуцця сумеснай глабальнай адказнасці і салідарнасці" усёй чалавечай сям’і.