Кардынал Грэк: без малітвы не будзе Сінода
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Кардынал Марыё Грэх адзначыў патрэбу ў малітве аб тым, каб удзельнікі Сінода мелі асвечаныя сэрцы і не схілялі Божую волю да сваіх чаканняў. Малітва – гэта “тэрапія”, якая дапамагае перайсці ад закрытасці да адкрыстасці і адкрыцця таго, што Бог здзяйсняе ў Касцёле, - напісаў ён.
Сінод – гэта ў першую чаргу духоўная і малітоўная падзея – час слухання Святога Духа, які з’яўляецца сапраўдным яе галоўным героем. Без малітвы не можа быць Сінода, - сцвердзіў ён, нагадваючы словы Папы.
Кардынал Грэк падкрэсліў, што Генеральны сакратарыят Сінода Біскупаў падрыхтаваў парадак спецыяльнага “ўрачыстага благаслаўлення”, якое можна ўжываць на заканчэнне нядзельных святых Імшаў і адмысловыя прапановы для малітвы вернікаў.
Ён нагадаў таксама пра розныя формы малітвы. У першую чаргу – слуханне, “пачынаючы ад слухання Божага слова”. Затым – “адарацыя Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце”, якая змяняе позірк сэрца “ад роспачнага смутку да захаплення тым, што Бог кажа свайму Касцёлу”. Ён заклікаў да заступніцкай малітвы, якая “не заключаецца ў схіленні Божай волі да сваёй, але ў прашэнні Пана, каб асвяціў сэрца моцай свайго Духа жыцця”. У сваю чаргу малітва падзякі, з’яўляецца “тэрапіяй”, якая дапамагае “адчуць сябе апярэджаным ласкай”.
Кардынал Грэк падкрэсліў, што малітва будзе часткай шэрагу ініцыятыў, накіраваных на тое, каб нагадаць пра духоўны характар сінадальнай Асамблеі. Адной з іх стала стварэнне ў 2021 годзе сайта www.prayforsynod.va у супрацоўніцтве з Папскай сусветнай сеткай малітвы і Міжнародным аб’яднаннем генеральных настаяцеляў. У рамках гэтай ініцыятывы ёсць прапанова маліцца за Сінод кожны першы панядзелак месяца. Іншая малітоўная акцыя – экуменічнае чуванне, якое пройдзе 30 верасня. Акрамя таго, з 1 па 3 кастрычніка адбудуцца рэкалекцыі для ўдзельнікаў Сінода.