Кардынал: крызіс злоўжыванняў не перамагчы без празрыстасці
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Арцыбіскуп Бостанскі прыняў удзел у рымскай прэзентацыі кнігі Празрыстасць і таямніца ў Каталіцкім Касцёле, падрыхтаванай Лацінаамерыканскай радай CEPROME (Цэнтра даследаванняў і фармацыі ў сферы абароны непаўналетніх). Дэлегацыю гэтай арганізацыі Папа прыняў на аўдыенцыі, якая прайшла 25 верасня 2023 года ў Ватыкане.
Выданне адказвае на пытанне: якое месца можа быць для таямніцы ў Касцёле, які вырашыў быць яшчэ больш празрыстым, асабліва, каб прадухіліць сексуальнае насілле, злоўжыванні сумленнем і ўладай?
Аўтары кнігі – ксёндз Хордзі Пуёль з Іспаніі і ксёндз Раланда Мантэса дэ Окі з Кубы – заяўляюць, што “як людзі нашага часу і члены Касцёла”, хацелі б “бачыць больш празрыстасці ў Касцёле і канец эпохі абсурдных і непатрэбных таямніц”. Яны прадставілі практычныя аспекты, якія могуць дапамагчы ў распазнаванні і інфармаванні пра выпадкі насілля, што робіць кнігу карысным дапаможнікам не толькі для біскупаў, але і для адказных за камунікацыю ў дыяцэзіях, манаскіх супольнасцях, навучальных установах і іншых касцёльных структурах.
Эксперты ў галіне кананічнага права і камунікацыі лічаць, што ў пытаннях, звязаных з расследаваннем сексуальных злоўжыванняў, не можа быць гаворкі пра поўную празрыстасць, бо гэта можа параніць ахвяр і паўплываць на іх прыватнае жыццё. Злоўжываннем, на іх думку, з’яўляецца таксама іншая крайнасць – утойванне ўсяго. Неабходна захаванне далікатнай раўнавагі, разважлівасць і расстаўленне прыярытэтаў такім чынам, каб у цэнтры знаходзіўся чалавек, а не, напрыклад, палітычны разлік, напісалі святары.
Кардынал О’Мэлі высока ацаніў працу даследчыкаў, падкрэсліваючы, што тэма празрыстасці мае вялікае значэнне для Касцёла. “Мы павінны ўсведамляць, што праўда зробіць нас свабоднымі, як кажа Езуса. Мы павінны быць супольнасцю, якая не баіцца прызнаваць свае памылкі, каб выправіцца”, - сказаў ён, дадаючы, што без празрыстасці будзе складана заслужыць давер людзей і пераадолець крызіс, звязаны са злоўжываннямі ў Касцёле і грамадстве.