Пошук

Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін 

Кардынал Паралін знаходзіцца з візітам у Славакіі

14-16 верасня 2023 года Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы наведвае Славакію.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У інтэрв'ю Vatican News кардынал П'етра Паралін падзяліўся сваімі думкамі і чаканнямі ад гэтага візіту. Ён заўважыў, што падарожжа было запланавана тры гады таму, але з розных прычын адкладвалася і ажыццявілася толькі цяпер.

Візіт Дзяржсакратара пазначыць шэраг гадавін: 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Славацкай Рэспублікай, 1160 гадоў славянскай місіі святых Кірыла і Мяфодзія, 20-годдзе апостальскага падарожжа ў Славакію Яна Паўла II і другая гадавіна візіту Францішка, які адбыўся ў верасні 2021 года.

Асноўная мэта падарожжа Дзяржсакратара – сустрэцца з мясцовай каталіцкай супольнасцю, нагадаць пра пасланне Францішка, разам памаліцца Маці Божай, апякунцы краіны. Падчас паездкі бліжэйшы супрацоўнік Папы наведае Браціславу, Шашцін і Клокачаў, а таксама сустрэнецца з уладамі краіны і грамадзянскай супольнасцю, каб абмеркаваць сумесную працу на карысць сацыяльная справядлівасці, салідарнасці, братэрства і міру.

На думку іерарха, Славакія – невялікая краіна з багатай гісторыяй, культурай, хрысціянскай спадчынай, прыхільнасцю да духоўных каштоўнасцяў і мірнага грамадзянскага і рэлігійнага суіснавання.

Святыя Кірыл і Мяфодзій служаць добрым прыкладам інкультурацыі – таго, як хрысціянства можа паспяхова інтэгравацца ў розныя культуры. З іх сведчання выцякаюць такія аспекты, як захаванне разнастайнасці ў адзінстве, узаемная павага, неабходнасць міжкультурнага і міжрэлігійнага дыялогу, якія маюць дачыненне і да нашай эпохі. На гэтых слупах можна пабудаваць мірнае і інклюзіўнае грамадства, - падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар, дадаючы, што неабходнасць весці дыялог з сучаснікамі, перш за ўсё, з моладдзю, патрабуе вялікай здольнасці слухаць адзін аднаго. Гэта і ёсць шлях да сінадальнасці, да якой заклікае Францішак.

14 верасня 2023, 15:41