Мумбіела Сьера: Папа нагадаў, што сутнасць хрысціянства ў гармоніі
Марыя Валодзіна - Vatican News
На думку Старшыні Канферэнцыі біскупаў Цэнтральнай Азіі, візіт Пантыфіка ў Манголію можна параўнаць з яго падарожжам у Казахстан у 2022 годзе. У абодвух выпадках Святы Айцец здзейсніў візіты ў гэтыя краіны, каб наведаць “малыя статкі” вернікаў.
"Усе мы простыя людзі. Папа, кардыналы, біскупы, святары. Мы ўсе простыя людзі. Сярод нас няма суперменаў"- адзначыў іерарх у інтэрв'ю Vatican News, дадаючы, што менавіта "простыя людзі здольныя перадаць плынь Божай ласкі", таму што "чалавечыя масты" якія існуюць паміж вернікамі, могуць перадаць тое, што не здольны даць адзін чалавек.
На думку іерарха, асаблівасць Каталіцкага Касцёла заключаецца ў тым, што вечны Бог бярэ ўсіх у свае абдымкі. "Вось што такое Касцёл, і я таксама ведаю гэту рэчаіснасць. Калі б я не быў пажылым чалавекам, я б заплакаў. Вельмі кранальна бачыць прыгажосць нашай веры", - падзяліўся ён.
Старшыня Канферэнцыі біскупаў Цэнтральнай Азіі згадаў “асаблівае пакліканне Манголіі, маладой краіны, якая імкнецца да дэмакратыі, не забываючы пра мінулае, але і з вялікім юнацкім імкненнем да будучыні”. На яго думку, Касцёл звяртаецца да мангольскага народа з такім пасланнем: "Вы можаце стаць чымсьці важным для гэтага свету, якія пакутуе", пабудаваць мірную будучыню. У гісторыі народа існавала мадэль (pax mongolica), якую можна пашыраць. Паводле іерарха, вельмі важна і прыемна бачыць, што ў кожнага народа ёсць каштоўнасці, якія можна перадаць іншым народам.
Узгадваючы сустрэчу Францішка з мангольскім духавенствам, біскуп Мумбіела Сьера сказаў: "Часам мы ўспрымаем хрысціянства як шэраг малітваў, абрадаў, нядзельных абавязкаў, Імшаў, але сапраўднай сутнасцю хрысціянства з'яўляецца гармонія, якую яно стварае на асабістым узроўні і ў грамадстве."
Напрыканцы інтэрв’ю іерарх нагадаў словы Папы, прамоўленыя падчас святой Імшы на Стэпавай арэне ва Улан-Батары аб тым, што Бог з’яўляецца любоўю і робіць нас здольнымі здзяйсняць вялікія справы, знаходзіць рашэнні і несці надзею, нават калі мы малыя і нешматлікія.