Пошук

Мігранты ў Міжземным моры Мігранты ў Міжземным моры  (AFP or licensors)

Паралін: аб'яднацца перад абліччам выклікаў у Міжземнамор'і

Мэта апостальскага падарожжа Францішка ў Марсэль – спрыяць духу еднасці сярод еўрапейскіх дзяржаў, асабліва па міграцыйнаму пытанню, - адзначыў кардынал П'етра Паралін.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Напярэдадні папскага візіту ў Марсэль для ўдзелу ў Міжземнаморскіх сустрэчах (Rencontres Méditerranéennes), кардынал Дзяржаўны сакратар П’етра Паралін даў інтэрв'ю адказнаму рэдактару Vatican News Масіміліяна Мэнікэці.

На пытанне аб тым, з якім пасланнем едзе ў Марсэль Святы Айцец, іерарх адказаў, што Францішак бачыць у Міжземнаморскіх сустрэчах каштоўную магчымасць для абмену і пабудовы агульнага дабра. Папа стане сведкам духу адзінства і згуртаванасці, неабходнага для вырашэння агульных задач, у першую чаргу, міграцыйнай праблемы.

Свет, здаецца, не заўважае тых, хто жыве ў нястачы. Як у такіх умовах будаваць мір, гасціннасць, дыялог? – запытаў журналіст, на што кардынал Паралін адказаў, што для гэтага неабходна “верыць у дыялог, не як у карысны інструмент для зацвярджэння сваіх пазіцый, а як у адкрыты шлях для пошуку агульных рашэнняў”. Трэба бачыць у мігрантах не лічбы, а людзей, разглядаць міграцыйную драму з пазіцыі прыярытэту чалавечай годнасці. "Міграцыйная праблема – складаная з'ява, якая не мае простых і неадкладных рашэнняў і не павінна вырашацца з дапамогай лозунгаў і абяцанняў”. Неабходныя "унітарныя дзеянні", якія б накіроўвалі рэсурсы на забеспячэнне лепшых умоў прыёму мігрантаў і бежанцаў, - нагадаў іерарх.

На думку кардынала Параліна, войны, беднасць і насілле, якія прымушаюць людзей міграваць, выкліканыя тымі, хто прымае палітычныя рашэнні не на карысць агульнаму дабру. Гэта пытанне “асабістага і калектыўнага выбару”. “Мы павінны ўзяць на сябе адказнасць за рашэнні, якія мы прымаем кожны дзень у нашых дамах, сем'ях, з сябрамі, на працы, у школе, у грамадстве і ва ўрадзе”, - падкрэсліў Дзяржсакратар.

На пытанне пра прыём мігрантаў на Лампедузе, іерарх адказаў, што ніводная добрая справа, ніводны жэст міласэрнасці не праходзіць дарма: у кожнай праяве шчодрасці мы сустракаем Хрыста і адчуваем Яго прысутнасць. Аднак тых, хто клапоціцца пра мігрантаў і бежанцаў, нельга пакідаць без дзяржаўнай падтрымкі, без салідарнасці на нацыянальным і міжнародным узроўнях. У Італіі і Еўропе існуюць розныя планы дзеянняў, у Афрыцы - праекты развіцця. Нарэшце, ёсць новы Пакт аб міграцыі і прытулку, па якому неабходна як мага хутчэй дасягнуць кансэнсусу. “Усе еўрапейскія краіны павінны разам узяць на сябе адказнасць за сітуацыю ў Міжземным моры”, - адзначыў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

На пытанне пра міграцыйныя патокі, кардынал Паралін заўважыў, што існуюць мадэлі і практыкі, якія могуць гарантаваць бяспечную міграцыю, дазваляюць пазбегнуць перагрузкі сістэмы прыёму мігрантаў і падтрымаць людзей, якія працуюць на месцах.

Дзяржсакратар нагадаў назву Міжземнаморскіх сустрэч у Марсэлі – Мазаіка надзеі. У наш час нецярплівасці і абыякавасці неабходна адрадзіць надзею. Для вырашэння такіх праблем, як міграцыя, пошук міру, змена клімату, барацьба з голадам, патрэбныя супрацоўніцтва і добрая воля. У гэтым сэнсе, Міжземнаморскія сустрэчы ў Марсэлі ўяўляюць сабой магчымасць канкрэтна спрыяць надзеі, - лічыць кардынал Паралін.

22 верасня 2023, 09:46