Рымскі Палац Канцылярыі запрашае на экскурсію
Марыя Валодзіна - Vatican News
Экскурсія па адным з самых прэстыжных палацаў Рыма распачнецца ў 11.30. У знакамітай Зале Вазары яе ўдзельнікаў сустрэнуць кіраўнік Адміністрацыі маёмасці Святога Пасада, біскуп Нунцыа Галанціна і галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада Андрэа Тарніелі. На сустрэчы будуць прысутнічаць таксама архітэктар Марыя Мары, прафесар гісторыі архітэктуры Клаўдыя Канфорці і інжынер Маўра Тамасіні, якія прымалі ўдзел у нядаўняй рэстаўрацыі велізарнага фасада будынку.
Палаца-дэла-Канчэлерыя лічыцца адным з самых ранніх рымскіх палацаў у стылі Рэнесансу. Ён быў пабудаваны паміж 1483-1513 гадамі па ініцыятыве кардынала Рафаэля Рыарыа, пляменніка Сікста IV. У мінулым у будынку знаходзілася Апостальская канцылярыя, у кампетэнцыі якой была падрыхтоўка папскіх бул. У наш час гэта сядзіба ватыканскіх судовых устаноў: Апостальскай Пэнітэнцыярыі, Апостальскай Сігнатуры і Трыбунала Рымскай роты.
Прайшоўшы праз галоўны партал, створаны ў XVI стагоддзі архітэктарам Даменіка Фантана, наведвальнікі трапяць у вялікі ўнутраны двор з трох'яруснымі фасадамі адкуль па вялікай лесвіцы Даната Брамантэ паднімуцца ва ўнутраныя, багата ўпрыгожаныя памяшканні палаца, сярод якіх і знакамітая Зала ста дзён з фрэскавымі роспісамі Вазары. Акрамя таго, у палацы можна пабачыць грабніцу рымскага консула Аўлія Ірцыя і старажытны канал Эўрыпус, праведзены рымлянамі для адводу вады ў Тыбр.
Журналісты і супрацоўнікі СМІ могуць зарэгістравацца для ўдзелу ў мерапрыемстве на сайце: press.vatican.va/accreditamenti