Пошук

78-я сесія Генеральнай Асамблеі ААН 78-я сесія Генеральнай Асамблеі ААН  (AFP or licensors)

Святы Пасад у ААН: туберкулёз застаецца надзённай праблемай

Праблема туберкулёзу патрабуе тэрміновай палітычнай увагі, - нагадаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер на нарадзе высокага ўзроўню, прысвечанай захворванню на сухоты, якая прайшла 22 верасня 2023 года ў Нью-Ёрку ў рамках Генеральнай Асамблеі ААН.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Туберкулёз па-ранейшаму з'яўляецца "адной з асноўных прычын смерці ва ўсім свеце і галоўнай прычынай смерці ад аднаго інфекцыйнага агента", - нагадаў Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Ён заклікаў да "тэрміновай палітычнай увагі” да гэтай праблемы, якая б перавышала любыя іншыя камерцыйныя ці палітычныя інтарэсы.

Кіраўнік дэлегацыі Святога Пасада адзначыў значны прагрэс у барацьбе з туберкулёзам з часоў першай сустрэчы высокага ўзроўню, якая адбылася ў 2018 годзе. “Некаторыя краіны значна скарацілі ўзровень захворвання на туберкулёз. Акрамя таго, дасягнута і перавышана мэта забеспячэння шасці мільёнаў чалавек, якія жывуць з ВІЧ, прафілактычным лячэннем ад туберкулёзу", - падкрэсліў арцыбіскуп Галахер.

Нягледзячы на гэта, асноўныя праблемы застаюцца. Мільёны людзей не могуць быць вылечаны, таму што "адзіная існуючая вакцына, якой ужо сто гадоў, можа ўводзіцца толькі маленькім дзецям", - папярэдзіў іерарх.

Святы Пасад прыкладае ўсе намаганні для вырашэння праблемы туберкулёзу, асабліва сярод дзяцей. У прыватнасці, у 2016 годзе Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека правяла ў Рыме сустрэчу, прысвечаную захворванню на ВІЧ і туберкулёз сярод дзяцей. У дыялогу прынялі ўдзел прадстаўнікі ўрадаў, ААН, рэлігійных арганізацый і грамадзянскай супольнасці, а таксама навукоўцы і прадстаўнікі фармацэўтычных кампаній. Сярод асноўных вынікаў сустрэчы - распрацоўка метадаў лячэння дзяцей, паляпшэнне дыягностыкі і даступнасці тэстаў і тэрапіі. "Яшчэ шмат чаго трэба зрабіць", - заключыў арцыбіскуп Галахер, нагадваючы пра заклік Францішка “пакінуць у баку абыякавасць”.

25 верасня 2023, 12:15