Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН: спыніць ужыванне касетных бомбаў ва Украіне

З заклікам да ўсіх дзяржаў, якія яшчэ не з'яўляюцца ўдзельнікамі Канвенцыі аб забароне прымянення касетных боепрыпасаў, далучыцца да іншых краін, якія ўжо падпісалі і цалкам прытрымліваюцца яе, звярнуўся 11 верасня 2023 года прадстаўнік Святога Пасада ў Жэневе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Прымаючы ўдзел у 11-й нарадзе дзяржаў-удзельніц Канвенцыі, дэлегацыя Святога Пасада выступіла з заявай, у якой гаворыцца аб неабходнасці "неадкладна пакласці канец прымяненню касетных боепрыпасаў" ва Украіне і “мабілізавацца ў імя міру” ў гэтай змучанай вайной краіне.

Шчыры дыялог і прымяненне нормаў міжнароднага права дапамагаюць "сеяць насенне міру", паколькі дазваляюць пераадолець смяротную пагрозу, якую нясуць касетныя бомбы "для нявінных людзей, якія пакутуюць ад жорсткасці канфлікту", і спрыяць "ўсебаковаму развіццю чалавецтва і захаванню стабільнасці і міру", - падкрэсліваецца ў заяве.

У заключэнне дэлегацыя нагадала пра блізкасць Францішка да ахвяр шматлікіх войнаў, выказаўшы падзяку дзяржавам-удзельніцам Канвенцыі за іх "прыхільнасць і шчодрасць" у аказанні дапамогі ахвярам касетных боепрыпасаў са шчырай надзеяй, што "мы зможам працягваць з яшчэ большай энергіяй ісці па гэтым высакародным шляху ў абарону чалавечай годнасці і жыцця, а таксама для рэалізацыі агульнага дабра для ўсіх".

Канвенцыя па касетных боепрыпасах – гэта міжнародная дамова, якая забараняе любое прымяненне, вытворчасць, перадачу і назапашванне касетных боепрыпасаў. Канвенцыю падпісалі больш за 100 дзяржаў, сярод якіх няма Расіі, Украіны і ЗША. Пагадненне ўступіла ў сілу 1 жніўня 2010 года.

Неразарваныя касетныя бомбы могуць захоўвацца ў глебе дзесяцігоддзямі, наносячы велізарную шкоду грамадзянскаму насельніцтву.

12 верасня 2023, 13:09