Пошук

Cвяты Андрэй Кім Таэгон з паплечнікамі Cвяты Андрэй Кім Таэгон з паплечнікамі 

У базіліцы святога Пятра з'явіцца скульптура карэйскага святога

16 верасня 2023 года ў ватыканскай базіліцы адбудзецца адкрыццё мармуровай скульптуры карэйскага святога Андрэя Кіма Таэгона.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Мармуровая статуя святога Андрэя Кіма Таэгона (1821-1846), першага каталіцкага святара і пакутніка карэйскага паходжання, будзе ўстаноўлена ў знешняй нішы базілікі. Ідэя, падтрыманая карэйскім епіскапатам, нарадзілася падчас урачыстасцяў, прысвечаных 200-годдзю з дня нараджэння святога.

Урачыстасць асвячэння скульптуры пройдзе 16 верасня 2023 года, у дзень святога Андрэя. У цырымоніі прыме ўдзел вялікая дэлегацыя карэйскага Касцёла, якая будзе складацца з каля 300 прадстаўнікоў, у тым ліку біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў.

Раніцай 16 верасня карэйскую дэлегацыю прыме на прыватнай аўдыенцыі Папа Францішак. У другой палове дня ўрачыстую Імшу на карэйскай мове ўзначаліць кардынал Лазарус Ю Хын-Сік, прэфект Дыкастэрыі па справах духавенства. Кардынал Маўра Гамбэціі, архіпрэзбітэр базілікі святога Пятра, урачыста адкрые і асвяціць статую карэйскага святога.

Чатырохметровая статуя з карарскага мармуру вагой каля шасці тон была выканана карэйскім скульптарам Ханам Джын-Субам, які працаваў з італьянскім мастаком Нікаласам Стаджэці ў мястэчку П'етрасанта – сусветнай скульптурнай сталіцы. Скульптар зрабіў некалькі эскізаў, з якіх Святы Пасад абраў той, у якім святы Андрэй Кім у традыцыйнай карэйскай вопратцы стаіць з распасцёртымі абдымкамі.

Кім Таэгон нарадзіўся ў 1821 годзе ў сям’і карэйскіх хрысціян. Пры хросце ва ўзросце 15 гадоў атрымаў імя Андрэй. Вучыўся ў семінарыі ў Макаа, у 1845 годзе прыняў святарскае пасвячэнне ў Шанхаі і вярнуўся на радзіму, стаўшы першым карэйскім святаром. Праз год быў падвергнуты пераследу за намаганні па евангелізацыі, арыштаваны і бязлітасна забіты 16 верасня 1846 года ва ўзросце 25 гадоў. У 1984 годзе падчас свайго апостальскага візіту ў Паўднёвую Карэю Ян Павел ІІ кананізаваў яго разам з іншымі 102-ма карэйскім мучанікамі, якія аддалі жыццё за веру.

11 верасня 2023, 13:29