Пошук

Удзельнікі прэзентацыі спісу ўратаваных ахвяр нацысцкага пераследу ў Рыме Удзельнікі прэзентацыі спісу ўратаваных ахвяр нацысцкага пераследу ў Рыме  (Fabio PIGNATA)

У Рыме знойдзены спіс яўрэяў, уратаваных у каталіцкіх кляштарах

У архіве Папскага біблійнага інстытута быў знойдзены спіс людзей, пераважна яўрэяў, якія былі ўратаваны ад пераследу нацыфашыстамі ў Рыме, дзякуючы прытулку, атрыманаму ў касцёльных структурах Вечнага горада.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дакумент быў прадстаўлены 7 верасня 2023 года ў Музеі Шоа ў Рыме. Гаворка ідзе пра спіс са 100 жаночых і 55 мужчынскіх манаскіх кангрэгацый, што хавалі ахвяр пераследу. У ім пазначана таксама колькасць людзей, якім яны далі прытулак.

Спіс публікаваўся ў 1961 годзе гісторыкам Рэнца Дэ Фелічэ, аднак цэлы арыгінальны дакумент дагэтуль лічыўся згубленым. Знойдзеная дакументацыя пацвярджае факт уратавання больш за 4300 чалавек, з якіх 3600 вядомы па імені. У выніку параўнання з дакументамі, што захоўваюцца ў архіве Яўрэйскай супольнасці Рыма, даследчыкі прыйшлі да высновы, што 3200 чалавек з гэтага спісу былі яўрэямі. Вядома таксама дзе яны хаваліся, пры якіх абставінах, дзе жылі да пераследу. Дакументацыя пацвярджае і без гэтага значную інфармацыю пра гісторыю ўратавання яўрэяў каталіцкімі манаскімі супольнасцямі ў Рыме падчас Другой сусветнай вайны.

Адшуканы спіс склаў італьянскі езуіт, ксёндз Газаліна Бірола паміж чэрвенем 1944 і вясной 1945 года, адразу пасля вызвалення Рыма. Святар быў эканомам Папскага біблійнага інстытута з 1930 года да сваёй смерці ў 1945 годзе. Рэктарам інстытута ў гэты перыяд быў езуіт, айцец Аўгусцін Бэа, які ў 1959 годзе атрымаў кардынальскую годнасць і стаў вядомы, дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў юдэйска-каталіцкім дыялогу, і асабліва ўкладу ў напісанне дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабора Nostra Aetate.

Рым быў акупаваны нацыстамі на працягу дзевяці месяцаў: з 10 верасня 1943 года да вызвалення яго саюзнікамі 4 чэрвеня 1944 года. У гэты перыяд былі дэпартаваны і забіты каля 2 тысяч яўрэяў, уключаючы сотні дзяцей і падлеткаў. Яўрэйская супольнасць Рыма налічвала ў той час каля 10-15 тысяч чалавек.
 

07 верасня 2023, 11:53