Пошук

Лагатып экуменічнага перадсінадальнага чування Лагатып экуменічнага перадсінадальнага чування 

У Ватыкане завяршаецца падрыхтоўка да перадсінадальнага чування

Тысячы хрысціянаў розных канфесій збяруцца на плошчы святога Пятра ў Ватыкане 30 верасня 2023 года, каб прыняць удзел у экуменічным чуванні і разам памаліцца перад распачаццем Сіноду Біскупаў.

Ян Глінскі

Як адзначылі арганізатары, у сувязі з трываючым Часам для стварэння, плошчу святога Пятра ператвораць у невялікі сквер, размясціўшы на ёй дрэвы і кветкі. Сцэнаграфія падзеі будзе несці сімвалічнае пасланне: як расліны рознага паходжання ўтвараюць цудоўны сад, так і хрысціяне розных канфесій пакліканы ствараць гармонію і сведчыць пра прыгажосць адзінства ў разнастайнасці.

Акрамя Папы Францішка, у экуменічным чуванні будуць браць удзел тры праваслаўныя Патрыярхі, тры прадстаўнікі старажытных Усходніх Цэркваў, кіраўнік Англіканскай Царквы, генеральны сакратар Сусветнай лютэранскай федэрацыі, кіраўнік Старакаталіцкіх Цэркваў і тры прадстаўнікі евангельскіх пяцідзясятніцкіх супольнасцей

Чуванне арганізоўвае супольнасць Тэзэ. Распачнецца яно а 17 гадзіне з хвіліны падзякі за дар еднасці і сінадальнага шляху, за дар міру, стварэння і чалавечага дару. Набажэнства будзе ўключаць слуханне Божага слова, праслаўленне і заступніцкую малітву, спевы канонаў Тэзэ і хвіліну маўчання.

“Наша супольнасць была вельмі ўзрушана тым, што Папа Францішак запрасіў хрысціян усіх канфесій і захацеў сабраць увесь народ Божы, каб памаліцца за падзею, якая адбываецца ўнутры Каталіцкага Касцёла, – падзяліўся брат Мэцью, які 3 снежня афіцыйна стане прыёрам Супольнасці Тэзэ. – Я моцна спадзяюся, што гэта будзе сустрэча ўсяго Божага народу. Вядома, мы не можам сабраць усіх на плошчы Святога Пятра, але ў мерапрыемстве прымуць удзел людзі, якія прадстаўляюць розныя шляхі жыцця ў хрысціянскім свеце”.

Брат Мэцью выказаў надзею, што і непрысутныя на ватыканскай плошчы, пачуўшы пра чуванне, “будуць уцягнуты ў дух малітвы і адкрыюць, што могуць быць часткай Божага народа”.

“Ёсць нешта вельмі місійнае ў гэтым малітоўным чуванні, у тым, што кожны запрошаны прыйсці і прыняць удзел. Я думаю, што людзі тонка адчуваюць запрашэнне, – сказаў ён, указаўшы на сусветны размах падзеі. – Малітвы арганізуюцца, між іншым, у Аўстраліі, Кеніі, Угандзе, Японіі, Тайландзе, ЗША, Чылі, Аргенціне... Для нас вялікая радасць, што людзі ва ўсім свеце прымаюць запрашэнне і хочуць агарнуць Сінод сеткай малітвы”.
 

29 верасня 2023, 08:11