Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Дзяржсакратар: Ізраіль падвергся жудаснаму і подламу нападу

Тэрарызм, гвалт, варварства і экстрэмізм падрываюць законныя памкненні палестынцаў і ізраільцян. Павінна змоўкнуць зброя і запанаваць здаровы сэнс, - падкрэсліў кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“У дзень шабату, у свята Сімхат Тора, радасці Торы, многія браты і сёстры ізраільцяне абудзіліся ад жудаснага і подлага нападу. Мы блізкія да сем’яў ахвяр, да тысяч параненых, да зніклых без вестак і выкрадзеных, якія цяпер знаходзяцца ў сур’ёзнай небяспецы”, - такім словамі Дзяржсакратар Яго Святасці Папы пачаў свой зварот падчас канферэнцыі на тэму: Новыя дакументы пантыфікату Пія ХІІ і іх значэнне для юдэйска-хрысціянскіх адносін. Яна праходзіць з 9 па 11 кастрычніка 2023 года ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме.

Кардынал Паралін падкрэсліў, што Апостальская Сталіца з глыбокай і вялікай заклапочанасцю сочыць за вайной, якая была справакавана, і ў якой губляюць жыццё, дах над галавой і атрымліваюць раненні многія палестынцы Газы. Іерарх запэўніў у блізкасці і малітве таксама іх сем’і і ўсіх цалкам невінаватых мірных жыхароў. “Вайна – гэта заўсёды параза годнасці і нагода, каб не дасягнуць ніякага рашэння”, - дадаў ён.

“На жаль, тэрарызм, гвалт, варварства і экстрэмізм падрываюць законныя памкненні палестынцаў і ізраільцян”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, выказваючы спадзяванне на тое, што зброя змоўкне і возьме верх здаровы сэнс. Для гэтага, на яго думку, “трэба спыніцца і падумаць пра справядлівы шлях для дасягнення міру ў Ізраілі і Палестыне”.

“Пакуль не будзе вырашана праблема, пакуль не будзе знойдзена формула міру, такія рэчы пагражаюць заўсёды паўтарацца і з усё большай лютасцю”, - папярэдзіў кардынал Паралін у размове з журналістамі на палях форума. “Мы думалі, што трагедыі, якія здараліся ў ХХ стагоддзі, ужо ў мінулым, што яны больш не будуць паўтарацца. Аднак, мы павінны прызнаць з вялізарным смуткам і глыбокім жалем, што паўтараем ўсе памылкі мінулага. Гісторыя нас ні чаму не навучыла”, - дадаў ён.

На думку Дзяржсакратара, на цяперашнім этапе павінны быць прыкладзены ўсебаковыя намаганні для абмежавання канфлікту, які выбухнуў нечаканым і неймаверным чынам, а затым задзейнічаць дыпламатыю. “Трэба знайсці ўмовы, якія дазволяць жыць у справядлівасці”, бо як казаў Пій ХІІ, “мір – гэта плён справядлівасці”. Неабходна “знайсці спосаб вырашэння гэтай трагічнай праблемы адносін паміж палестынцамі і ізральцянамі на аснове справядлівасці”. Толькі гэта зможа гарантаваць стабільны мір, а таксама мірнае і плённае суіснаванне паміж двума народамі, - сказаў кардынал П’етра Паралін.
 

10 кастрычніка 2023, 09:13