Пошук

Палесцінская жанчына, пакрытая пылам, пасля ўдару ізраільскай авіяцыі па будынках у Рафаху на поўдні сектара Газа Палесцінская жанчына, пакрытая пылам, пасля ўдару ізраільскай авіяцыі па будынках у Рафаху на поўдні сектара Газа  (AFP or licensors) Калонка рэдактара

Ізраіль-Палесціна: Святы Пасад за права на дзве дзяржавы

Удар па англіканскай бальніцы Аль-Ахлі Арабі, у выніку якога загінулі сотні мірных жыхароў, у тым ліку шмат жанчын і дзяцей, – бесчалавечны акт, які не можна апраўдаць ніякім чынам, - напісаў рэдакцыйны дырэктар ватыканскіх СМІ.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Андрэа Тарніелі нагадаў, што апошнімі днямі Дзяржсакратар Ватыкана кардынал П’етра Паралін у інтэрв’ю ватыканскім СМІ назваў бесчалавечным тэрарыстычны напад на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года і масавае забойства мірных жыхароў, жанчын і дзяцей. Ён таксама пацвердзіў права ізраільцян на самаабарону і барацьбу з тэрарыстычнай пагрозай, якая зыходзіць ад баевікоў ХАМАС, адначасова нагадаўшы, што “законная абарона павінна паважаць крытэрый прапарцыянальнасці”, і заклікаў пазбягаць кровапраліцця сярод грамадзянскага насельніцтва ў сектары Газа.

За апошнія некалькі гадзін, звярнуў увагу італьянскі журналіст, мы сталі сведкамі абмену абвінавачваннямі: улады Газы і ХАМАС прыпісваюць разбурэнне шпіталя ізраільскім бамбардзіроўкам; аб'ект знаходзіўся ў раёне, з якога Ізраіль запытаў эвакуацыю грамадзянскіх асоб. У той жа час ізраільская армія адмаўляе сваю адказнасць, ускладаючы віну за масавае забойства на няўдачу з ракетай, выпушчанай ісламскімі джыхадзістамі, якія, у сваю чаргу, не прызнаюць гэта.

У драматычны момант гісторыі чалавецтва, калі “аскепкі” Трэцяй сусветнай вайны, пра якую кажа Папа Францішак, назапашваюцца з нечаканай хуткасцю, існуе неабходнасць перамагчы тэрарызм без далейшага распальвання нянавісці, не забываючы аб міжнародным гуманітарным праве.

У чаканні дадатковай інфармацыі аб злачынным акце знішчэння бальніцы, дзе медыцынскі персанал аказваў дапамогу хворым і параненым, не маючы рэсурсаў і знаходзячыся на мяжы сіл, мы павінны звярнуцца да міжнароднай супольнасці з просьбай умяшацца, каб прадухіліць гуманітарную катастрофу і развязванне канфлікту з неймавернымі наступствамі, - перакананы Тарніелі.

Бесчалавечнасць тэрарыстычнай расправы над ізраільскімі кібуцамі, якая закранула нявінных людзей, і бесчалавечнасць забойства нявінных грамадзянскіх асоб у сектары Газа не павінны прымусіць нас страціць з-пад увагі перспектыву будучыні, поўнага міру і справядлівасці для ўсяго блізкаўсходняга рэгіёну, - дадаў ён у сваёй аўтарскай калонцы на Vatican News.

Галоўны рэдактар медыя-рэсурсаў Святога Пасада нагадаў канцэпцыю, неаднойчы агучаную кардыналам Паралінам і ватыканскай дыпламатыяй, аб справядлівым рашэнні пытання ў Святой Зямлі, якім стала б існаванне дзвюх дзяржаў, “што дазволіла б палесцінцам і ізраільцянам жыць побач, у міры і бяспецы, адпавядаючы спадзяванням большасці з іх”. Святы Пасад, нягледзячы ні на што, па-ранейшаму падтрымлівае гэтыя памкненні і гэта права.

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі таксама заклікаў да неадкладнага вызвалення ўсіх закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ХАМАС, і да поўнага захавання гуманітарнага права.
 

19 кастрычніка 2023, 11:00