Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (FOTO-VIDEO-PM-RIETI)

Калядныя яслі ў Ватыкане перанясуць у эпоху святога Францішка

Яслі Божага Нараджэння, якія ўпрыгожаць плошчу святога Пятра ў Ватыкане, нагадаюць пра першую жывую батлейку, якую святы Францішак Асізскі стварыў у Грэча.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“800 гадоў таму святы Францішак Асізскі пажадаў стварыць першыя яслі, а Ганорый ІІІ ухваліў рэгулу Братоў меншых. У памяць пра гэты двайны юбілей, яслі Божага нараджэння для плошчы святога Пятра і Залы Паўла VI, сёлета будуць дастаўлены з даліны Рэаціна ў дыяцэзіі Рыеці, у той час як высокае каляднае дрэва прыбудзе з даліны Майра, з вёсцы Макра ў дыяцэзіі Салуца і правінцыі Кунэа”, - гаворыцца ў афіцыйным камюніке Губернатарата Дзяржавы Ватыкан.

Урачыстая інаўгурацыя батлейкі і ўключэнне ілюмінацыі каляднай ёлкі пройдзе ўвечары 9 снежня 2023 года. Перад гэтым Папа прыме на аўдыенцыі дэлегацыі з мясцовасцяў, адкуль будуць дастаўлены гэтыя неад’емныя атрыбуты святкавання Божага нараджэння.

Яслі нагадаюць пра першую жывую стаенку ў гісторыі, якую, паводле Тамаша Чэланскага, святы Францішак зрабіў у 1223 годзе, вяртаючыся са Святой Зямлі – гэта адбылося ў мястэчку Грэча ў 60 кіламетрах ад Рыма, якое нагадала яму Бэтлеем – у старажытным гарадку, пабудаваным на скале на вышыні 700 метраў над узроўнем мора.

Плошча святога Пятра ператворыцца такім чынам у “ідэальнае Грэча”: акрамя ясляў, фігурак вала і асла, у каляднай кампазіцыі будуць змешчаны таксама тэракотавыя, у натуральную велічыню, скульптуры людзей, якія дапамаглі святому Францішку стварыць першую жывую батлейку, трох братоў, з якімі ён вандраваў, і некалькіх пастухоў. У цэнтры будзе знаходзіцца фрэска з выявай пячоры ў Грэча, перад якой змесціца фігура манаха, што цэлебруе Імшу ў прысутнасці святога Францішка з Дзіцяткам Езусам на руках, Багародзіцы, святога Юзафа і святой К’яры.

Кампазіцыю ўстановяць на васьміканечным пастаменце, які будзе нагадваць пра 800-гадовы юбілей падзеі. Вакол яго будзе змешчаны рэзервуар, напоўнены вадой – сімвал ракі Веліна, якая цячэ ў Вале-Санта і дасягае Рыму. Вада павінна нагадваць таксама пра Гімн стварэнню святога Францішка Асізскага і тысячагадовую гісторыю рэгіёна паходжання ясляў, багатага воднымі рэсурсамі, якія заўсёды гралі важную ролю ў жыцці мясцовага насельніцтва. Пасля экспанавання на ватыканскай плошчы святога Пятра манументальная калядная кампазіцыя будзе пастаянна выстаўляцца ў Рыеці.

У сваю чаргу ёлка Божага нараджэння, якую ўстановяць сёлета на галоўнай ватыканскай плошчы, прыбудзе з густых хвойных лясоў італьянскіх Альпаў і будзе мець каля 25 метраў у вышыню. Вёска Макра, ля якой яно будзе высечана, знаходзіцца на вышыні 875 метраў над узроўнем мора.

Яслі і каляднае дрэва будуць знаходзіцца на ватыканскай плошчы святога Пятра да завяршэння літургічнага перыяду Божага Нараджэння, якое супадае са святам Хросту Пана, што будзе адзначацца 7 студзеня 2024 года.
 

31 кастрычніка 2023, 11:45