Кардынал Бо: вера ззяе скрозь цемру
Марыя Валодзіна - Vatican News
"Вера асвятляе шлях, які вядзе праз самыя цёмныя і неспакойныя моманты жыцця, дазваляючы нам убачыць Божую ласку, якая пранікае скрозь цені", - сказаў у сваёй гаміліі старшыня Федэрацыі Біскупскіх Канферэнцый Азіі.
Бог ніколі не пакідае Свой народ
Спасылаючыся на Святое Пісанне, кардынал Бо адзначыў, што яшчэ з часоў Адама і Евы чалавецтва знаходзіцца ў бесперапынным духоўным пошуку. Адпраўляючыся ў падарожжы па жыцці і веры, мы павінны кіравацца непахіснай верай, таму што “Бог ніколі не пакідае Свой народ", - зазначыў іерарх, прыводзячы ў прыклад Абрагама, які цвёрда верыў, што “Бог заўсёды выконвае Свае абяцанні”.
"Наша сінадальнае падарожжа – гэта не запраграмаваная касмічная адысея з дакладнымі матэматычнымі ўраўненнямі. Хутчэй, калі Бог заклікае нас, Ён становіцца нашым правадніком, дарожнай картай і спадарожнікам", - заўважыў кардынал Бо. Падобна Абрагаму, Касцёл закліканы адправіцца ў сінадальнае падарожжа “з перакананнем, што Бог ніколі не падводзіць"."У Бога ёсць план для кожнага з нас і для Касцёла, а нашы падарожжы і планы павінны адпавядаць Яго волі", - нагадаў іерарх.
Сінод надзеі, міру і справядлівасці
На Сінод ускладаюць вялікія надзеі, паколькі ён праходзіць "на фоне глабальных узрушэнняў” па ўсім свеце, - падкрэсліў арцыбіскуп Янгона. На яго думку, адзіны спосаб выратаваць чалавецтва і стварыць свет надзеі, міру і справядлівасці "заключаецца ў глабальнай сінадальнасці ўсіх людзей".
"На Сінодзе прагучала сур'ёзная заклапочанасць спадчынай, якую мы пакінем наступнаму пакаленню", - адзначыў кардынал Бо, нагадаўшы, што мы запазычылі навакольнае асяроддзе ў дзяцей і моладзі.
Пакуты Азіі
Старшыня Федэрацыі Біскупскіх Канферэнцый Азіі падкрэсліў, што азіяцкія біскупы "востра ўсведамляюць" экалагічную шкоду, нанесеную рэгіёну зменай клімату. Ён звярнуў увагу на знішчэнне велізарных лясных масіваў там, дзе жывуць хрысціянскія супольнасці карэннага насельніцтва, асабліва ў рэгіёне Паўднёва-Кітайскага мора, Цэнтральнай Індыі, В'етнама і М'янмы. Гэтыя супольнасці з'яўляюцца абаронцамі прыроды, але “яны таксама пацярпелі ад сучасных ідэалогій, каланізацыі і эксплуатацыі рэсурсаў", - патлумачыў кардынал Бо.
Аднак, нягледзячы на праблемы, азіяцкі Касцёл застаецца энергічным і маладым. "Наша падарожжа веры ў Азіі не пазбаўлена цяжкасцяў, але гэты Сінадальны сход надаў нам сіл для таго, каб вярнуцца да вялікіх дзён апостальскай евангелізацыі”, - сказаў кардынал Бо.
Нідзе ў Азіі хрысціяне не падвяргаюцца такім выпрабаванням, як у М'янме, - патлумачыў ён.
Невялікі статак М'янмы моцна пакутуе як з-за стыхійных бедстваў, так і з-за тэхнагенных крызісаў. "Наш народ знаходзіцца ў стане масавага зыходу”, - сказаў ён, дадаючы, што “дамы зніклі, а касцёлы прынялі на сябе асноўны цяжар жорсткасці”.
Тым не менш, нягледзячы на балючую рэальнасць, Касцёл у М'янме і Азіі, падобна верным жанчынам, якія ішлі за Езусам па Крыжовым шляху, працягвае адчуваць “надзею на прымірэнне”, на “новы світанак надзеі, міру і справядлівасці для кожнай шматпакутнай нацыі”, - сказаў іерарх.