Кардынал Олерыш: Інтэрнэт – новая місійная тэрыторыя Касцёла
Марыя Валодзіна - Vatican News
Раніцай 13 кастрычніка 2023 года на разгляд удзельнікаў Сінода, у прысутнасці Францішка, быў прадстаўлены раздзел B2 Instrumentum laboris, прысвечаны місіянерству. Тэма радзела: Сумесная адказнасць у місіі. Як падзяляць дары і задачы на службе Евангеллю? У бліжэйшыя дні гэтай тэме будуць прысвечаны дыскусіі ў малых групах.
Кардынал Олерыш падкрэсліў, які доўгі шлях прайшоў ужо Сінод Біскупаў, хоць з дню Сусветнага малітоўнага чування "не прайшло і двух тыдняў!”. Удзельнікі Сінода здзейснілі пілігрымку ў катакомбы, што нагадала ім пра раннехрысціянскія супольнасці і асабліва пра мучанікаў, якія “аддалі свае жыцці, каб мы атрымалі веру". Гэтая вера "аб'ядноўвае нас з імі, мы з'яўляемся часткай аднаго Касцёла і падзяляем адну і тую ж місію – абвяшчаць свету добрую навіну Евангелля, любоў і ласку Божую", - зазначыў іерарх.
Таму тэма трэцяга модуля – місія. Кардынал Олерыш нагадаў, што "сінадальны Касцёл - гэта Касцёл, якому даручана місія". Гэта місія даручана Хрыстом апосталам і "распаўсюджваецца на ўсіх членаў Апостальскага Касцёла". Мэта місіі – дазволіць усё большай колькасці людзей сустрэцца з Панам і стаць часткай Яго народа.
Генеральны рэлятар Сінода прывёў у прыклад Інтэрнет, які з'яўляецца не толькі інструментам евангелізацыі, але і місійнай тэрыторыяй, новым кантынентам, куды неабходна адправіцца місіянерам. Большасць біскупаў "не могуць быць першапраходцамі ў гэтых новых кантэкстах місіі", неабходна дапамога “малодшых членаў народа Божага”, якія добра ведаюць гэты “лічбавы кантынент". Гэты і іншыя аспекты маюцца на ўвазе, калі гаворка ідзе аб сумеснай адказнасці за місію Касцёла. “Усе ахрышчаныя пакліканы і маюць права ўдзельнічаць у місіі Касцёла, кожны ўносіць незаменны ўклад”, - нагадаў кардынал Олерыш.
Затым генеральны рэлятар Сінода звярнуў увагу на пяць пытанняў, якія ў бліжэйшы час разгледзяць малыя групы. Першае прысвечана сэнсу і зместу місіі, якія ў Касцёле "перадаюцца праз мноства моў і вобразаў". Да місіі Касцёла належаць "прыхільнасць інтэгральнай экалогіі, барацьба за справядлівасць і мір, дапамога бедным і маргіналізаваным, гатоўнасць быць адкрытымі для ўсіх". Другое пытанне тычыцца "служэння ў Касцёле", трэцяе - "годнасці хросту жанчын", які ні ў чым не саступае хросту мужчын, чацвёртае - адносінам паміж служэннем пасвечаных і ахрышчаных асоб. Нарэшце, пятае і апошняе пытанне тычыцца біскупскага служэння.