Кардынал Олерыш: Сінод будуць ацэньваць па зменах, якія прынясе
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Іерарх заўважыў, што дыскусіі ў малых групах будуць тычыцца пяці блокаў пытанняў адносна “абнаўлення служэння ўлады”, з увагай да клерыкалізму, які можа датычыцца таксама свецкіх вернікаў і перашкаджаць Касцёлу рухацца наперад; “распазнавання ў адзінстве” для дасягнення згоды, якая не палярызуе, а ў той жа час, паважае ўладу; стварэння “сінадальных” структур і інстытутаў; будавання “сетак” паміж мясцовымі Касцёламі ў святле “здаровай дэцэнтралізацыі”, якой жадае Папа; патэнцыялу Сінода, з ацэнкай “эксперыменту” пашырэння яго ўдзельнікаў за кошт групы не біскупаў.
Кардынал Олерыш заўважыў, што ўсё гэта – далікатныя пытанні, бо “закранаюць канкрэтнае жыццё Касцёла, а таксама дынаміку развіцця традыцыі: памылковае распазнаванне можа разбіць яе ці замарозіць”. Гаворка ідзе пра пытанні, “якія вымагаюць дакладнасці фармуліровак і катэгорый”, таму ён заклікаў тэолагаў і экспертаў у кананічным праве дапамагчы ў разважаннях і заахвоціў удзельнікаў форума не баяцца задаваць ім пытанні.
Генеральны рэлятар нагадаў, што цяперашняя сесія Сінода аб сінадальнасці з’яўляецца толькі першым крокам ў разглядзе згаданых пытанняў, а наперадзе яшчэ цэлы год для іх паглыбленага вывучэння. Ён заўважыў, што ўдзельнікі сходу павінны будуць перадаць і распаўсюдзіць вынікі ватыканскай сустрэчы ў мясцовых Касцёлах, а таксама сабраць водгукі на іх, каб у кастрычніку 2024 года зноў прыехаць у Ватыкан падрыхтаванымі, гэта значыць з “больш ясным усведамленнем Божым народам таго, што значыць быць сінадальным Касцёлам”.
“Мы добра ведаем, што гэты Сінод будзе ацэньвацца на падставе адчувальных змен, якія стануць яго вынікам”, - зазначыў кардынал Олерыш, дадаючы, што гэта датычыцца як “буйных сродкаў камунікацыі, асабліва найбольш аддаленых ад Касцёла” і цікавяцца “магчымымі зменамі адносна вельмі абмежанавай колькасці тэм”, так і “нашых супрацоўнікаў, членаў душпастырскіх рад, людзей, якія ўдзельнічаюць у жыцці парафій”. Усе гэтыя людзі пытаюцца пра тое, што для іх зменіцца і як гэта рэалізаваць у Касцёле, “які яшчэ не вельмі сінадальны, у якім яны адчуваюць, што іх меркаванне не ўлічваецца і што ўсё вырашаюць адзінкі або толькі адзін чалавек”.