Кардынал Паралін: на Блізкім Усходзе гасне крохкая надзея на мір
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы пракаментаваў апошнія трагічныя падзеі на Блізкім Усходзе падчас семінара на тэму “Еўропа як гарызонт міру”, які прайшоў у калысцы ордэна камелудаў – старажытным кляштары Камальдолі ў Італіі.
“Акрамя дыпламатычных высілкаў, якія, здаецца, не прыносяць вялікіх вынікаў – і я кажу гэта таксама ў адносінах да вайны ва Украіне – мы ўсе павінны з’яднацца ў адзінагалоснай малітве за мір”, - дадаў ён.
Кардынал Паралін адзначыў, што заклік Францішка да міру, скіраваны падчас нядзельнай малітвы Анёл Панскі ў Ватыкане, быў паўтораны амаль ўсімі урадамі свету. У ім Святы Айцец нагадаў, што “тэрарызм і вайна не вядуць ні да якога рашэння, а толькі да смерці і пакут шматлікіх нявінных людзей”, а таксама заахвоціў маліцца аб міры ў Ізраілі і Палестыне.
“Здаецца, што свет звар’яцеў, здаецца, што ён пакладае надзею выключна на сілу, насілле, канфлікт, каб вырашаць праблемы, які з’яўляюцца рэальнымі, але павінны вырашацца іншымі метадамі”, - сказаў Дзяржсакратар, размаўляючы з журналістамі на палях форума.
“Акрамя знішчэння чалавечых жыццяў, сведкамі якога мы былі ў самым жахлівым выглядзе, цалкам згасаюць таксама і крохкія надзеі на мір, якія, здавалася, з’яўляліся на гарызонце”, - дадаў ён, падкрэсліваючы, што цяпер спатрэбяцца значна большыя намаганні, каб прыйсці да мірнага рашэння – адзінага справядлівага рашэння і адзінага эфектыўнага рашэння, якое дазволіць прадухіліць паўтарэнне такіх сітуацый.