Пошук

Сінод біскупаў. Ілюстрацыйнае фота Сінод біскупаў. Ілюстрацыйнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Касцёл – не піраміда, а дом для пакліканняў роўнай годнасці

Тэолаг Дарыё Віталі праілюстраваў падчас 12-й Генеральнай Кангрэгацыі Сінода Біскупаў частку B3 Instrumentum laboris, прысвечаную пытанням удзелу, сумеснай адказнасці і ўлады ў сінадальным Касцёле.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Удзельнічаць у жыцці сінадальнага Касцёла неабходна не паасобку, а ўсім разам, асабліва ў такія драматычныя моманты, як цяпер, калі "чалавецтву неабходна моцнае і пераканаўчае сведчанне Касцёла як знака і прылады міру паміж народамі". Аб гэтым падчас абмеркавання чацвёртага модуля часткі B3 Instrumentum laboris на тэму Удзел, адказнасць і ўлада. Якія працэсы, структуры і інстытуты існуюць у місіянерскім сінадальным Касцёле? казаў ксёндз Дарыё Віталі.

Народ Божы

Дагматычная канстытуцыя Lumen gentium гаворыць не пра іерархію ці пірамідальнасць Касцёла, а пра народ Божы. Найвялікшы тытул у Касцёле – не Папа, не біскуп, не святар або манах, а дзіця Божае. "Сцвярджаць роўную годнасць усіх не значыць адмаўляць у адрозненнях: Касцёл – гэта Цела Хрыстова, якое жыве і квітнее дзякуючы разнастайнасці дароў, харызм, служэнняў і пакліканняў". Такім чынам, народ Божы "нарэшце становіцца актыўным суб'ектам касцёльнага жыцця", - сцвердзіў ксёндз Віталі.

Сінадальны працэс у двух кірунках

Частка B3 Instrumentum laboris вызначае шлях да "пачатку абнаўлення працэсаў, структур і інстытутаў у місіянерскім сінадальным Касцёле” згодна з бачаннем Другога Ватыканскага сабора. Сінадальны Касцёл як Касцёл слухання грунтуецца на сувязі паміж народам Божым, калегіяй біскупаў і Папам. "У сінадальным працэсе народ Божы, калегія біскупаў і біскуп Рыма выконваюць пэўныя касцёльныя функцыі, ствараючы дынамічнае адзінства сінадальнасці, калегіяльнасці і першынства".

Сыходны сінадальны працэс (in uscita) пачынаецца, калі Папа склікае Сінод, абірае яго тэму, адкрывае, суправаджае і завяршае яго, падводзячы вынікі. Пасля склікання Сінода пачынаецца ўваходны працэс (in entrata), у якім удзельнічаюць усе мясцовыя Касцёлы і ўсе вернікі. "Неабходная і незаменная задача" біскупаў на гэтым этапе – спрыяць пачатку "сапраўднай кансультацыі з народам Божым”. Гэта даказвае “адсутнасць супярэчнасці паміж сінадальным і іерархічным вымярэннем Касцёла: адно гарантуе другое, і наадварот", - лічыць тэолаг.

Пачатак інстытуцыйных рэформаў

Сінадальны працэс з'яўляецца "прывілеяваным месцам ажыццяўлення як сінадальнасці, так і калегіяльнасці" ў Каталіцкім Касцёле, - адзначыў ксёндз Віталі, кажучы пра рух у кірунку “пераасэнсавання касцёльных інстытутаў" праз вызначэнне “крытэрыяў рэформы" тэалагічнага і інстытуцыйнага характару. "Без Сінода ажыццяўленне сінадальнасці ў канчатковым выніку пераўтварылася б у тысячы ручаёў і стварыла б сапраўдную дрыгву, запавольваючы сумеснае падарожжа народа Божага, калі не перашкаджаючы яму". Сапраўднае ажыццяўленне сінадальнасці дазволіць паразважаць "аб неабходных інстытуцыйных рэформах, аб працэсах прыняцця рашэнняў, у якіх змогуць удзельнічаць усе, аб такім ажыццяўленні ўлады, якое б спрыяла росту сталага і актыўнага народа Божага", - заключыў тэолаг.

19 кастрычніка 2023, 11:21