Пошук

Удзельнікі Сінода Біскупаў Удзельнікі Сінода Біскупаў  (Vatican Media)

Падагульняючы дакумент першай сесіі Сінода абнародаваны ў Ватыкане

Увечары 28 кастрычніка 2023 года ў Ватыкане была абнародавана падагульняючая справаздача першай сесіі XVI Звычайнай генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дакумент быў прыняты ў выніку галасавання па кожным з яго параграфаў. У ім бралі ўдзел 344 удзельнікі Сінода, сярод якіх былі не толькі біскупы, але таксама святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі, у тым ліку жанчыны.

Справаздача, якая заахвочвае да яшчэ большай “сумеснай адказнасці” ўсіх ахрышчаных за евангелізацыйную місію Касцёла, займае 42 старонкі і носіць назву Сінадальны Касцёл у місіі. Тэкст падзелены на тры часткі: Аблічча сінадальнага Касцёла, Усе вучні, усе місіянеры і Ткаць сувязі, будаваць супольнасць.

Кожны параграф дакумента ўключае пункты, па якіх была дасягнута згода, пытанні, якія патрабуюць вырашэння, і прапановы. Гаворка не ідзе пра выніковы дакумент Сінода аб сінадальнасці, але пра “пераходны” тэкст, які падагульняе працу першай сесіі Асамблеі, з улікам таго, што дыскусіі працягнуцца ў рамках другой сесіі, якая адбудзецца ў кастрычніку 2024 года.

Сінадальнасць – спосаб быцця Касцёлам

Першая частка справаздачы прысвечана сіналальнаму абліччу Касцёла. У ёй заўважаецца, што само паняцце “сінадальнасць” з’яўляецца “невядомым многім членам Божага народа” і “выклікае некаторыя непаразуменні і хваляванні”. Некаторыя баяцца аддалення ад Традыцыі, аслаблення іерархічнай прыроды Касцёла, страты ўлады і прывілеяў; іншыя – нерухомасці і недахопу адвагі для змен. Патрэбна развіццё канцэпцыі сінадальнасці, як спосабу быцця Касцёлам, што выражае камунію, місію і ўдзел, уключае ў сябе дыялог, цэніць адметнасці, спрыяе актыўнаму ўключэнню ўсіх і сумеснай адказнасці. Падкрэсліваецца, што неабходна “зразумець прычыны супраціву сінадальнасці з боку некаторых” членаў Касцёла.

Сінадальнасць і місія

У дакуменце звяртаецца ўвага на сувязь паміж сінадальнасцю і місійнасцю. “Хрысціянскія супольнасці павінны дзяліць братэрства з людзьмі іншых рэлігій, перакананняў і культур, пазбягаючы, з аднаго боку, рызыкі самадастатковасці і самазахавання, а з іншага – страты тоеснасці”. Адзначаецца, што ў такім “новым душпастырскім стылі” многім здаецца важным зрабіць “літургічную мову больш даступнай для вернікаў і больш уцелаўлёнай у разнастайнасць культур”.

Бедныя ў цэнтры ўвагі

Значная частка дакумента прысвечана бедным, клопат пра якіх для Касцёла названы “тэалагічнай катэгорыяй”. Да такіх людзей адносяцца ў тым ліку мігранты, прадстаўнікі карэнных народаў, асобы з залежнасцямі, меншасці, пакінутыя пажылыя людзі, работнікі, якія падвяргаюцца эксплуатацыі. “Самыя безабаронныя з безабаронных, на карысць якіх неабходна пастаянная заступніцкая дзейнасць – гэта дзеці ў матчыным улонні і іх маці”, - гаворыцца ў тэксце Асамблеі, якая ўсведамляе “вокліч “новых бедных”, якія ўзніклі ў выніку вайны і тэрарызму, выкліканых таксама “карумпаванымі палітычнымі і эканамічнымі сістэмамі”.

Адказнасць свецкіх у сферы палітыкі

Удзельнікі Сінода пажадалі, каб Касцёл выкрываў несправядлівасць з боку асобных людзей, урадаў, прадпрыемстваў. Вернікі павінны прымаць актыўны ўдзел у палітыцы, дзейнасці асацыяцый, прафсаюзаў і народных рухаў. Не павінна быць занядбана, а наадварот, умацавана, праца Касцёла ў сферы адукацыі, аховы здароўя і сацыяльнай падтрымкі, не дыскрымінуючы і не выключаючы нікога.

Мігранты, расізм і ксенафобія

Сінод заахвочвае да адкрытасці на мігрантаў і іх падтрымкі, да павагі розных літургічных традыцый і рэлігійных практык, больш асцярожнага выкарыстання некаторых тэрмінаў. Заўважаецца, напрыклад, што такое слова як “місія” ў кантэкстах, дзе “абвяшчэнне Евангелля было спалучана з каланізацыяй і нават генацыдам”, абцяжарана “балючай гістарычнай спадчынай” і перашкаджае адзінству. Евангелізацыя ў такіх кантэкстах патрабуе прызнання зробленых памылак і набыцця новай адчувальнасці да такіх пытанняў. Удзельнікі Сінода лічаць, што неабходна вучыць культуры дыялогу і сустрэчы, змагацца з расізмам і ксенафобіяй, у тым ліку ўнутры самаго Касцёла.

Усходнія Цэрквы і шлях да адзінства хрысціян

З улікам войнаў на тэрыторыях, дзе шырока прысутнічаюць Усходнія Цэрквы, і вялікай колькасці мігрантаў з гэтых рэгіёнаў, супольнасці лацінскага абраду заклікаюцца “ў імя сінадальнасці” дапамагчы вернікам-мігрантам усходняга абраду “захаваць сваю тоеснасць і не падвяргацца працэсам асіміляцыі”.

Падкрэсліваецца важнасць “працэсаў пакаяння” і “аздараўлення памяці” ў адносінамі з іншымі хрысціянскімі канфесіямі. Выказваецца прапанова распрацоўкі “экуменічнага мартыралога” і супрацоўніцтва паміж усімі хрысціянамі дзеля “аздараўлення культуры ад нянавісці, падзелаў і вайны, якія супрацьпастаўляюць групы, народы і краіны”. Адносна змешаных сужэнстваў адзначаецца, што ў іх вернікі “могуць узаемна евангелізаваць адзін аднаго”.

Свецкія вернікі

Другая частка дакумента датычыцца актыўнага ўдзелу ўсіх ахрышчаных у жыцці Касцёла, пачынаючы ад свецкіх вернікаў. Падкрэсліваецца, што свецкія вернікі і верніцы, кансэкраваныя асобы абодвух палоў, а таксама пасвячоныя служыцелі “маюць раўную годнасць”. Уклад свецкіх у Касцёл называецца “неад’емным” у многіх сферах, а іх харызматы павінны быць “прызнаны і ацэнены належным чынам”. Свецкія не павінны ігнаравацца, выкарыстоўвацца ці клерыкалізавацца.

Жанчыны ў Касцёле

У справаздачы сінанальнага сходу адзначаецца, што многія жанчыны, прысутныя на асамблеі, “выказвалі глыбокую ўдзячнасць за працу святароў і біскупаў, але таксама казалі пра Касцёл, які раніць”. “Клерыкалізм, маскулінізм і неналежнае выкарыстанне ўлады працягваюць знявечваць аблічча Касцёла і шкодзіць адзінству”. Удзельнікі Сінода заклікалі да “глыбокага духоўнага навяртання і структурных змен”, а таксама да “дыялогу паміж мужчынамі і жанчынамі без субардынацыі, выключэння ці спаборніцтва”.

Жаночы дыяканат

Пытанне аб жаночым дыяканаце выклікала розныя меркаванні на Сінодзе: для адных ён з’яўляецца “непрымальным” і не знаходзіцца ў “паслядоўнасці з Традыцыяй”; іншыя лічаць, што яго ўвядзенне было б вяртаннем старажытнай практыкі, якая сягае да вытокаў Касцёла. Ёсць тыя, хто бачыць у доступе жанчын да дыяканату “адпаведны і неабходны адказ на знакі часу”, а таксама тыя, хто выказвае страх перад тым, што просьба аб яго ўвядзенні “з’яўляецца выразам небяспечнага антрапалагічнага замяшання, што прыняўшы яго, Касцёл дастасаваўся бы да духу часу”. Удзельнікі Сінода папрасілі “працягваць тэалагічныя і пастырскія даследаванні па пытанні доступу жанчын да дыяканату”, прымаючы да ўвагі вынікі працы дзвюх адмысловых камісій, заснаваных Папам для вывучэння гэтай тэмы. “Калі магчыма, вынікі павінны быць прадстаўлены на наступнай сесіі Асамблеі”, - гаворыцца ў дакуменце.

Дыскрымінацыя і злоўжыванні

У справаздачы адзначаецца патрэба гарантавання ўдзелу жанчын у прыняцці рашэнняў і іх прызначэння на кіраўнічыя ролі. Неабходна змагацца з выпадкамі працоўнай дыскрымінацыі і злоўжываннямі. У Касцёле кансэкраваныя жанчыны не павінны лічыцца “таннай працоўнай сілай”.

Дыяканы і небяспека клерыкалізму

Выказваецца падзяка дыяканам, пакліканым перажываць сваё служэнне Божаму народа праз блізкасць да людзей, прымаючы і слухаючы кожнага. Нагадваецца пра небяспеку клерыкалізму, які называецца дэфармацыяй святарства. Супрацьстаяць гэтай з’яве неабходна з самых ранніх этапаў фармацыі, дзякуючы жывому кантакту з людзьмі, асабліва з тымі, хто знаходзіцца ў нястачы.

Цэлібат

Падчас Сінода гучалі розныя меркаванні адносна цэлібату. Усе цэняць яго прароцкую каштоўнасць і сведчанне прыпадабнення да Хрыста, але некаторыя задаюцца пытаннем, ці павінна яго тэалагічная адпаведнасць святарскаму служэнню абавязкова ператварацца ў дысцыплінарны абавязак у лацінскім Касцёле, асабліва там, дзе касцёльны і культурны кантэксты робяць гэта цяжкім. Адзначаецца, што гэта не новая тэма і над яе трэба працягваць разважаць.

Служэнне біскупа

У справаздачы ўтрымліваецца шмат згадак пра ролю біскупа, служэнне якога павінна быць прыкладам сінадальнасці праз практыкаванне сумеснай адказнасці, зразуметай як заахвочванне іншых суб’ектаў дыяцэзіі і духавенства. Гэта неабходна, каб пазбягаць перагрузкі адміністрацыйнымі і прававымі абавязкамі, якія часта перашкаджаюць выкананню місіі біскупа. Падкрэсліваецца, што біскуп не заўсёды знаходзіць чалавечую і духоўную падтрымку і нярэдка перажывае балючы досвед пэўнай самотнасці. Яму патрэбна падтрымка таксама ў вырашэнні пытанняў, звязаных са злоўжываннямі. Удзельнікі Сінода прапануюць разглядзець магчымасць даручэння судовых спраў у гэтай сферы іншай інстанцыі, што павінна быць кананічна ўдакладнена.

Фармацыя

Трэцяя часта падагульняючай справаздачы датычыць важнасці фармацыі ў розных сферах. У першую чаргу ў сферы эмацыйнага і сексуальнага выхавання, каб суправаджаць моладзь на іх шляху росту і для падтрымкі эмацыйнага сталення тых, хто пакліканы да цэлібату і кансэкраванай чыстасці.

Таксама патрэбна фармацыя ў пытаннях, якія адносяцца да “палавой тоеснасці і сексуальнай арыентацыі, заканчэння жыцця, складаных сужэнскіх сітуацый, праблем, звязаных са штучным інтэлектам”. Касцёлу “задаюць новыя пытанні”, таму важна “прысвяціць неабходны час для такой рэфлексіі і інвеставаць лепшыя сілы, не паддаючыся спрошчаным суджэнням, якія раняць людзей і Цела Касцёла”, і памятаючы, што “многія ўказанні ўжо дадзены Настаўніцтвам і чакаюць ператварэння ў адпаведныя душпастырскія ініцыятывы”.

Слуханне

Звяртаецца ўвага на неабходнасць сапраўднага слухання людзей, якія адчуваюць сябе маргіналізаванымі і выключанымі з Касцёла з прычыны іх сітуацыі, што датычыць сужэнства, тоеснасці і сексуальнасці”. Яны просяць, каб іх “выслухалі і суправаджалі, і каб абаранялася іх годнасць”. Яны жадаючы “вярнуцца дамоў”, у Касцёл, “быць выслуханымі і паважанымі, без страху адчування сябе асуджанымі”. Адзначаецца, што хрысціяне павінны паважаць кожнага чалавека.

Місія ў лічбавай сферы

У справаздачы закранаюцца таксама пытанні, звязаныя з лічбавым асяроддзем. Удзельнікі Сінода заклікалі “дасягнуць актуальнай культуры ва ўсіх абшарах, дзе людзі шукаюць сэнсу і любові, уключаючы іх мабільныя тэлефоны і таблеты”. Неабходна ўлічваць, што інтэрнэт можа наносіць шкоду і раны праз цкаванне, дэзынфармацыю, сексуальнае выкарыстанне і залежнасці. Таму неабходна паразважаць над тым, як “хрысціянская супольнасць можа падтрымаць сем’і ў забеспячэнні таго, каб анлайн-прастора была не толькі бяспечнай, але таксама ажыўляючай духоўна”.
 

29 кастрычніка 2023, 11:03