Пошук

2021.03.11 Bandiere del mondo e colomba della pace Калонка рэдактара

Папа ў Laudate Deum заклікае да дэмакратызацыі глабальнай сферы

Галоўны рэдактар СМІ Святога Пасада звярнуў увагу на некаторыя аспекты Апостальскай адгартацыі Laudate Deum, якая была абнародавана 4 кастрычніка 2023 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Андрэа Тарніелі ў сваёй аўтарскай калонцы на партале Vatican News заўважыў, што новай адгартацыяй Францішак не толькі дапоўніў пасланне энцыклікі Laudato si’, апублікаванай восем гадоў таму. Гэты новы дакумент, багаты дадзенымі з найбольш актуальнай навуковай літаратуры, не абмяжоўваецца толькі чарговым драматычным папярэджаннем пра ўсё больш цяжкія наступствы кліматычнага крызісу, з надзеяй на тое, што COP28 у Дубаі, зможа нарэшце змяніць тэндэнцыю, пакуль не стала занадта позна.

Laudate Deum – утрымлівае ў сябе нашмат больш”, бо Папа звяртае асаблівую ўвагу на “слабасць міжнароднай палітыкі” і адсутнасць структур і наднацыянальных арганізацый, здольных выконваць абавязацельствы, якія былі ўзяты і вырашыць супярэчнасці. Указанні Наступніка святога Пятра былі дадзены ў кантэксце кліматычнага крызісу і патрэбы скарачэння шкодных выкідаў праз “сапраўднае экалагічнае навяртанне”, але яны тычацца нашай будучыні не толькі ў адносінах да клопату пра стварэнне. Яны могуць быць ужыты таксама для іншых сфер, дастаткова падумаць пра вайну, або пра многія войны, якія ў гэты час вядуцца ў свеце, - заўважыў ватыканскі медыя-эксперт.

Тарніелі адзначыў, што погляд Францішка з’яўляецца “шматпалярным”: ён настойвае на патрэбе спрыяння шматбаковым пагадненням паміж дзяржавамі і на магчымасці існавання “нейкай формы сусветнай улады, якая кіруецца правам”, гэта значыць “больш эфектыўных сусветных арганізацыі, надзеленых уладай, каб гарантаваць сусветнае агульнае дабро, выкараненне голаду і беднасці і надзейную абарону фундаментальных правоў чалавека”. Гаворка ідзе пра арганізацыі, здольныя “забяспечыць рэалізацыю некаторых неад’емных мэтаў”. “Патрэбны новыя прылады, а не простае перавыданне старых”, - дадаў журналіст.

Францішак, заклікаючы нанава адкрыць “дух” Хельсінкі, больш чым да захавання старога мультылатэралізму, заахвочвае стварыць новы, “у святле новай глабальнай сітуацыі”, прызнаючы і належна ацэньваючы працу шматлікіх грамадзянскіх арганізацый, якія “кампенсуюць слабасці міжнароднай супольнасці”. Напрыклад, у сваёй адгартацыі Папа згадаў пра ўклад няўрадавых арганізацый у барацьбу з вытворчасцю і выкарыстаннем супрацьпяхотных мін, які аказаўся больш эфектыўным за намаганні ААН.

Тарніелі падкрэсліў, што ў новым дакуменце Святы Айцец прапануе мультылатэралізм як “непазбежны шлях”, як “мультылатэралізм “знізу”, а не проста зацверджаны элітамі, што маюць уладу”. Для яго рэалізацыі, аднак, неабходна “прастора для размоў, кансультацый, арбітражу, вырашэння канфліктаў, кантролю і, абагульняючы, пэўнага роду большая “дэмакратызацыя” глабальнай сферы, каб выказваць і ўключаць розныя сітуацыі”.

Папа звяртае ўвагу на бескарыснасць “падтрымання структур, што бароняць правы самых моцных, не займаючыся правамі ўсіх” і гэта тычыцца кліматычнага і міграцыйнага крызісаў, канфліктаў, якія скрываўліваюць зямлю, скандалу голаду і смагі ў свеце, з прапановай змяніць цяперашнюю фінансава-эканамічную сістэму, якая стварае “няроўнасць”. “Усё ўзаемазвязана, як ужо дэтальна паказала энцыкліка Laudato si’, - завяршыў свой каментар Андрэа Тарніелі.
 

05 кастрычніка 2023, 11:22