Пошук

Паола Руфіні Паола Руфіні 

Руфіні: Касцёл сваім прыкладам заклікае паслухаць адзін аднаго

5 кастрычніка 2023 года ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы прайшоў першы брыфінг, прысвечаны ходу XVI Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў, які адбываецца ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пра падзеі на Сінодзе распавёў прадстаўнікам СМІ з розных частак свету прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі і старшыня Інфармацыйнай камісіі Сінода Паола Руфіні. Ён нагадаў, што прыярытэты асамблеі акрэсліў у сваім уступным слове Святы Айцец, калі казаў пра важнасць слухання, устрымання ад шматслоўя, “посту” адносна публічных выказванняў, а таксама заклікаючы да ўзаемнага знаёмства, праніклівасці і павагі да канфідэнцыяльнасці.

Па словах Руфіні, Касцёл “стаў на паўзу” на бліжэйшыя чатыры тыдні ватыканскага форума, аддаючы перавагу слуханню, а не вяшчанню. “Тое, як такая вялікая ўстанова, як Касцёл, дазваляе сябе на хвіліну суцішыцца ў веры, адзінстве і малітве – з’яўляецца навіной”, - сказаў ён, дадаючы, што “гэта можа дапамагчы таксама на іншых франтах: вайны, кліматычных змен...” “Спыніцца, паслухаць адзін аднаго. Гэта выклік, варты таго, каб пра яго расказалі”, - адзначыў ватыканскі медыя-эксперт, звяртаючыся да журналістаў.

Прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі распавёў, што на Сінодзе Біскупаў распачаліся працы ў 35-ці малых групах, падчас якіх абмяркоўваецца Секцыя A Instrumentum laboris, якая тычыцца “характэрных знакаў сінадальнага Касцёла”. Складаныя і спрэчныя пытанні пакуль не закраналіся. Усе ўдзельнікі маюць па чатыры хвіліны ў дыскусіі. У першы дзень яны дзяліліся досведам сінадальнага працэсу ў мясцовых Касцёлах і выбралі чалавека, які падрыхтуе справаздачу аб працы ў групе.

Руфіні нагадаў, што першая прэс-канферэнцыя з удзельнікамі асамблеі адбудзецца ў бліжэйшую суботу. Ён звярнуў увагу таксама на заўчаснасць размоў пра вынікі Сіноду, “бо мы знаходзімся яшчэ толькі на пачатку”, а яго другая сесія пройдзе праз год – у кастрычніку 2024 года.
 

06 кастрычніка 2023, 07:40