Пошук

Сінод біскупаў. Ілюстрацыйнае фота Сінод біскупаў. Ілюстрацыйнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Руфіні: Сінод – не ток-шоу, а разважанне пра жыццё Касцёла ў свеце

Сярод пытанняў, якія абмяркоўваліся ўдзельнікамі Сінода ў аўторак 17 кастрычніка 2023 года, былі магчымы перагляд кананічнага права, служэнне біскупаў, роля жанчын і свецкіх вернікаў, - паведаміў Паола Руфіні.

Марыя Валодзіна – Vatican News

На штодзённым брыфінгу для журналістаў прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі і старшыня Інфармацыйнай камісіі Сінода распавёў, што 16-17 кастрычніка на Сінодзе абмяркоўвалі тэму сумеснай адказнасці ў місіі, прадугледжаную модулем B2 Instrumentum laboris.

Перагляд кананічнага права

Менавіта тэрмін сумеснай адказнасці прапануецца ўвесці ў кананічнае права замест слова супрацоўніцтва. Перагляд кананічнага права “павінен быць не рэвалюцыяй, а эвалюцыяй". “Закон можа змяніцца, калі мяняюцца патрэбы Касцёла", - падкрэсліў біскуп Рандаца, эксперт па кананічным праве. Ён удакладніў, што некаторыя аспекты права "могуць быць прыведзены ў адпаведнасць з абставінамі канкрэтных супольнасцей".

Жаночы дыяканат і роля жанчын

Удзельнікі Генеральнай Асамблеі Сінода абмеркавалі магчымасць заснавання жаночага дыяканата, а таксама неабходнасць растлумачыць спачатку "саму прыроду дыяканата". Было ўзнята пытанне, ці не могуць жанчыны прамаўляць гаміліі.

"Гаворка ішла пра тое, што калі жанчыны прысутнічаюць у душпастарскіх радах, тады прымаюцца больш практычныя рашэнні, а супольнасці бываюць больш крэатыўнымі", - патлумачыў Руфіні, дадаючы, што пытанне аб ролі жанчын у Касцёле не было адзінай або пераважнай тэмай дыскусій.

Свецкія вернікі, святары, біскупы

У справаздачах малых груп і асобных выступленнях звярталася ўвага і на іншыя пытанні, такія як важнасць парафій і супольнасцей, роля свецкіх вернікаў, служэнне святароў, без якіх супольнасць ахрышчаных не можа абысціся, а таксама служэнне біскупаў, якія суправаджаюць вернікаў і выказваюць любоў, клопат і неабыякавасць.

Біскуп павінен спрыяць міжрэлігійнаму і экуменічнаму дыялогу, займацца фінансавымі, эканамічнымі і юрыдычнымі справамі, але ён “не можа ўсё рабіць сам”, яму патрэбна дапамога супрацоўнікаў і экспертаў, - зазначыла сакратар Інфармацыйнай камісіі Сінода Шэйла Пірэс.

Асамблея таксама разгледзела пытанні падрыхтоўкі і навучання біскупаў, адносін паміж біскупамі і духавенствам, а таксама пытанне неабходнасці знаходзіць час і магчымасць сустракацца з ахвярамі злоўжыванняў.

Асамблея і сродкі масавай інфармацыі

Адна з журналістак падкрэсліла, што некаторыя пытанні – у першую чаргу роля жанчын і сексуальных меншасцей – блізкія сэрцам многіх вернікаў, якія прысвяцілі шмат часу і энергіі разгляду гэтых тэм на кансультатыўным этапе Сінадальнага працэсу і цяпер чакаюць адказаў.

Паола Руфіні ўдакладніў, што гэтыя пытанні "з'яўляюцца прадметам размовы". Па яго словах, Сінод – гэта не круглы стол і тым больш не ток-шоу, а "гутарка ў Святым Духу". Ён адзначыў, што генеральная асамблея падрыхтуе "абагульняльную справаздачу, якую дашлюць народу Божаму, а затым адбудзецца яшчэ адна асамблея". Гэта доўгі працэс, які патрабуе "цярпення і надзеі", - падкрэсліў прэфект.

18 кастрычніка 2023, 11:19